Дэфіцыт бюджэту на 2021 год быў павялічаны ў сувязі з прыняццем заканадаўчых актаў па падтрымцы асобных прадпрыемстваў у перыяд пандэміі. Цяпер запланаваны дэфіцыт складае 5,6 млрд рублёў, або 3,5% ад ВУП. Рэфінансаваць дэфіцыт плануецца за кошт рэшткаў сродкаў бюджэту мінулых гадоў і новых дзяржаўных запазычанняў, паведаміла намесніца міністра фінансаў Вольга Тарасевіч, выступаючы на круглым стале «пазыковы рынак Рэспублікі Беларусь».

У мінулым годзе ўдалося «перавыканаць план па прыцягненні запазычанняў», што ў спалучэнні з запазычаннямі на ўнутраным рынку дазволіла Мінфіну сфармаваць рэзерв у памеры 1 млрд даляраў для фінансавання дэфіцыту бюджэту ў 2021 годзе, адзначае прадстаўнік Мінфіна.

— У бягучым годзе плануецца прыцягненне парадку 1 млрд даляраў нязвязаных крэдытаў. Палова гэтай сумы будзе прыцягнута з боку дзяржаўнага крэдыту Расійскай Федэрацыі, акрамя яго прадугледжаны іншыя двухбаковыя крэдыты і аблігацыйныя выпускі, — заявіла Вольга Тарасевіч.

Для рэфінансавання дзяржаўнага доўгу ў 2022 годзе ўсяго плануецца прыцягнуць 1, 7 млрд даляраў. У прыватнасці, Мінфін працуе над размяшчэннем дзяржаблігацый на тэрыторыі Расіі. У Міністэрстве фінансаў лічаць, што ў трымальнікаў беларускіх еўрабондаў няма эканамічных падстаў ад іх пазбаўляцца.

— Графік плацяжоў па дзяржаўным доўгу ў сярэднетэрміновай перспектыве носіць кіраваны характар, сітуацыя з плацежным балансам з'яўляецца стабільнай. Беларускія еўрабонды забяспечваюць інвестарам высокую прыбытковасць — ад 5,3% да 7% па стане на сярэдзіну сакавіка. Эканамічныя перадумовы для продажу беларускіх папер адсутнічаюць, — заявіла намеснік міністра фінансаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0