Курс турэцкай ліры ўпаў на 17% адносна даляра пасьля таго, як прэзыдэнт краіны Рэджэп Эрдаган звольніў старшыню Цэнтральнага банку краіны. У нядзелю газэта Financial Times паведамляла пра падзеньне курсу на 14%, але ранкам панядзелка зьніжэньне працягнулася, піша ўкраінская служба «Радыё Свабода» са спасылкай на турэцкія СМІ.
У пачатку таргоў 22 сакавіка ў Азіі турэцкая валюта была ўжо на ўзроўні рэкордна мінімальнага курсу — 8,36 ліры за 1 даляр (у параўнаньні з 7,21 у канцы мінулага тыдня). Такі спад пагражае маштабным крызісам у валюце і плацежным балянсе, бо некаторыя мясцовыя банкі ўжо прыпынілі абмен валюты і золата.
Эрдаган звольніў старшыню Цэнтральнага банку Наджы Агбалу ўвечары 19 сакавіка, прызначыўшы на пасаду колішняга міністра фінансаў Сахапа Каўцыаглу. Гэта выклікала занепакоенасьць інвэстараў з нагоды палітычнага ўмяшаньня ў грашова-крэдытную палітыку.
Невядома, што стала прычынай рашэньня, але Эрдаган прыняў яго на наступны дзень пасьля таго, як Цэнтрабанк рэзка павысіў ключавую працэнтную стаўку — трэці раз за пяць месяцаў, з 17% да 19%.
Фінансавыя рынкі станоўча адрэагавалі на рост працэнтных ставак, але гэта супярэчыць пункту гледжаньня Эрдагана аб тым, што больш высокія працэнтныя стаўкі выклікаюць інфляцыю. У той час як амаль усе эканамісты сходзяцца ў думцы, што павышэньне працэнтных ставак запавольвае інфляцыю.
Слабасьць ліры можа пагоршыць інфляцыю, бо Турэччына залежыць ад імпарту энэргіі і тавараў па цэнах у далярах для свайго прамысловага сэктару.