Фота Depositphotos.com
Дыетолаг Брук Шэлер рэкамендуе выдаткоўваць на абед ад 30 хвілін да гадзіны, бо гэтыя прымусовыя паўзы дапамагаюць нам прадухіліць выгаранне. Доктарка тлумачыць гэта тым, што мы працуем з 9 гадзін раніцы да 5 вечара пяць дзён на тыдзень, і нам часта здаецца, што толькі на выходных ці падчас адпачынку мы можам вылучыць час для сябе. Таму цудоўна, калі падчас працоўнага тыдня мы можам знайсці магчымасць адысці ад камп’ютараў і зрабіць сабе маленькае паслабленне, піша Huffington Post.
Шмат у чым стрэс залежыць ад картызолу, узровень якога і так можа быць павышаны падчас пандэміі. Калі мы доўгі час знаходзімся пад уплывам блакітнага святла з экранаў любога тыпу, гэта яшчэ больш павышае колькасць картызолу ў арганізме. Таму адыход ад экрана можа знізіць узровень стрэсу. Да таго ж, не варта грэбаваць магчымасцю пагутарыць з калегамі падчас абеду.
Калі вы працуеце дома, вас чакае яшчэ адна небяспека. Праз лёгкую дасягальнасць ежы можна перастаць кантраляваць тое, што і ў якой колькасці вы ясце, вылучаць на ежу менш часу і не звяртаць увагі на пачуцце сытасці. Часцей за ўсё лёгкі доступ да больш разнастайнай ежы, чым ёсць у офісе, таксама прыводзіць да спажывання большай колькасці калорый.
Што рабіць, каб змяніць для сябе сітуацыю? Па-першае, варта запланаваць для сябе перапынак на абед. Па-другое, на час перапынку змяніце працоўнае асяроддзе на нешта іншае. Калі няма магчымасці выйсці ў іншае памяшканне, проста перасядзьце з працоўнага месца. І прыбярыце далей усе шкодныя прадукты.