Гісторыя Габрыэлы — адна з трох, занатаваных спецыяльна для беларускай моладзі ў межах праекта «Першыя» ад А1. «Першыя» — конкурс ідэй для старшакласнікаў, дзе ім прапануецца падумаць пра тое, як палепшыць якасць жыцця, зрабіць больш зручным асяроддзе, вырашыць лакальныя праблемы. Больш пра сам конкурс вы можаце даведацца тут, да канца красавіка яшчэ можна паспець падаць заяўку. У межах цыкла майстар-класаў для пракачвання скілоў удзельнікаў праекта запланаваныя і выступы па тэме Girl power, каб натхніць дзяўчат не баяцца, верыць у сябе, ствараць і ісці да сваёй мары. Але да стрыму, які адбудзецца аб 11-й гадзіне 3 красавіка на відэасэрвісе VOKA, зможа далучыцца кожны ахвотны.

Спікеркі — тры аўстрыйкі, кожная з якіх дасягнула вышыняў у сваёй сферы і здзейсніла мару, нягледзячы на перашкоды.

Габрыэла Домшыц, уваходзячы ў топ-менеджмент гіганцкай арганізацыі на 15 000 супрацоўнікаў, спрычынілася да таго, што Вена шмат гадоў трымала лідарства ў міжнародных рэйтынгах гарадоў, найбольш прыдатных для жыцця. «Калі нехта кажа вам, што ў сваім працоўным жыцці ніколі не сутыкаўся з расчараваннем, — не верце гэтаму чалавеку, бо так не бывае. Заўсёды можа здарыцца параза, прыходзіцца адступаць, але трэба ўмець, паразважаўшы над такім здарэннем, зрабіўшы высновы, захаваць гэты досвед у памяці — і рухацца наперад», — засцерагае яна.

Сільвія Шантль, якая атрымала ў Нью-Ёрку прэмію «Таймс-сквер» як найлепшая актрыса, а таксама знайшла сябе ў трэнерстве — сёння яна вучыць бізнэсоўцаў упэўнена трымацца і рабіць правільнае ўражанне на аўдыторыю. Сільвія з самага дзяцінства ішла да сваіх мэтаў насуперак усяму. У школе яна была аўтсайдаркай: адзнакі былі кепскімі, а іншыя дзеці стараліся трымацца ад яе падалей. «З мяне кпілі, з мяне смяяліся, гэта было жудасна. Пазней я пастаралася забыць, колькі раз я засыпала ўвечары ўся ў слязах», — згадвае яна. А рэпетытарка па матэматыцы ёй аднойчы заявіла: «З Сільвіі Шантль у гэтым жыцці ніколі нічога не атрымаецца». Тым не менш, сёння Сільвія адчувае сябе бязмерна шчаслівай і цалкам рэалізаванай.

«Я запомніла назаўсёды адну рэч: камунікацыя, якасць нашых зносін, тое, як ты размаўляеш з сабою ды іншымі людзьмі, — гэта вырашальны фактар у нашым жыцці. І я навучылася: чым больш увагі я надаю таму, як выбудоўваю сваю камунікацыю, тым лягчэй мне ўплываць на далейшае развіццё падзей», — дае параду Сільвія.

І Ульрыка Хаслаўэр, якая збудавала паспяховую кампанію ў пераважна мужчынскім бізнэсе — электратэхнічнай прамысловасці. «Калі я нарадзілася і брат першы раз убачыў мяне, то спытаў бацькоў, ці нельга памяняць мяне на якую-небудзь свойскую жывёлу. На шчасце, бацькі не пагадзіліся, але так у мяне адбыўся, бадай, першы ў маім жыцці канфлікт з мужчынам», — згадвае яна дзяцінства. Бацька Ульрыкі не верыў, што дачцэ ўдасца развіць і пашырыць яго бізнэс, ён настойліва раіў ёй знайсці сабе іншы занятак. Але калі яго раптоўна не стала, 20-гадовая Ульрыка ўзначаліла сямейны бізнэс. І сёння гэта адно з вядучых аўстрыйскіх прадпрыемстваў у галіне электраабсталявання.

Што раіць Ульрыка? Вучыцца! «Адукацыя, прафесійная адукацыя — гэты шлях вядзе нас да ўпэўненасці ў сябе, у сваіх сілах. Пастаяннае навучанне дазваляе вам мець перавагу ў ведах, а значыць, адчуваць упэўненасць у сваіх здольнасцях, якая нам так патрэбна», — акцэнтуе яна. 

Хочаце даведацца жыццёвыя гісторыі гэтых гераінь, пачуць іх парады, пераняць іх досвед, натхніцца? Тады заносьце сабе ў каляндар падзею: 3 красавіка, 11:00, бясплатны майстар-клас Girl power у анлайне на відэасэрвісе VOKA. Анлайн-сустрэча адбудзецца пры падтрымцы Пасольства Аўстрыі ў Беларусі ў рамках адукацыйнай праграмы праекта «Першыя». Уключайцеся, будзе цікава!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0