«Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Чарговы раз мы адзначаем галоўнае хрысціянскае свята — Вялікдзень… Уваскрэсенне Езуса пераконвае нас, што ў змаганні са злом і смерцю апошняе слова заўсёды застаецца за Богам.

Азіраючыся на гісторыю збаўлення чалавецтва, мы можам зразумець, што ўсё Святое Пісанне канцэнтруецца вакол асобы Езуса Хрыста, які памёр і ўваскрэс, бо ў велікодным здарэнні спаўняюцца ўсе абяцанні Бога. Мы верым, што Хрыстус сваёй крывёю вызваліў увесь свет ад ярма граху і смерці і, уваскрэслы, даў нам надзею на ўдзел у вечным жыцці ў супольнасці святых…

Уваскрэсенне Езуса адкрывае нам, што цялесная смерць — гэта яшчэ не канец. Таму адзінае, што нас павінна хваляваць, гэта каб мы не апынуліся ў стане духоўнай смерці.

Смерць у такім сэнсе азначае жыццё, аддаленае ад Бога. Духоўная смерць пачынаецца з цяжкога граху — свядомага, дабравольнага і прамога парушэння Божых запаведзяў. Цялесная смерць — гэта толькі брама, за якой ідзе працяг таго, што мы абралі на зямлі.

Радасная навіна аб уваскрэсенні Езуса заключаецца ў тым, што мы ўжо тут, на зямлі, удзельнічаем у вечным жыцці. Дзякуючы ўваскрэсенню Хрыста ў кожным верніку ёсць зерне ўваскрэсення…

Ужо больш як год людзі свету перажываюць роспач і няўпэўненасць у сваёй будучыні. Пандэмія каранавірусу яшчэ раз паказала, якое крохкае існаванне чалавека нават у эпоху сучасных тэхналогій…

Гэты вірус прынёс бяду ў нашыя дамы і на нашыя вуліцы. Нам можа здавацца, што Бог маўчыць, пакуль цярпяць невінаватыя. Хрыстус вучыць нас з годнасцю пераносіць цярпенне, і Ён неабыякавы да нашых жыццёвых клопатаў.

Пустая магіла, у якую паклалі цела Езуса, сімвалізуе мост, які пабудаваў Хрыстус, — мост паміж смерцю і жыццём, паміж роспаччу і надзеяй. Ідучы шляхам Месіі, мы таксама можам будаваць масты еднасці нават там, дзе гэта здаецца немагчымым. Мы спадзяемся, што пасля смерці нас не чакае небыццё. Уваскрэсенне — гэта мост, які вядзе за межы смерці. Ад нас залежыць, ці захочам мы, каб кожны жыццёвы выбар набліжаў нас да жыцця з Богам, бо цялесная смерць можа адкрыць нам Божае Валадарства ў поўнай меры.

Там, дзе ёсць падзелы, мы можам быць творцамі гармоніі, прабачэння і паяднання. Праз гэта мы будзем сведчыць пра надзею ўваскрэсення і любоў Хрыста да кожнага чалавека не толькі на словах, але і праз учынкі. Сіла ўваскрэсення, атрыманая падчас хросту, дзейнічае ў нас, калі ў нас ёсць гатоўнасць любіць, ісці за нашым Панам, калі мы маем настойлівасць у ахвярнасці дзеля іншых, вернасць парывам сэрца, якія дапамагаюць нам пераадольваць эгаізм.

Чалавек носіць у сабе вобраз нябачнага Бога, а таму праяўленне любові да бліжняга паказвае, наколькі мы любім нашага адзінага Айца ў Небе.

Памятайма, што праз сваё ўваскрэсенне Хрыстус запрашае нас стаць больш чалавечнымі. Езус перасцерагае нас ад такой формы веры, калі чалавек толькі кліча «Пане, Пане», але насамрэч не выконвае волю Бога, бо ігнаруе патрэбы сваіх братоў і сясцёр…

13 красавіка 1991 года святы Ян Павел II аднавіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэта было магчыма дзякуючы адвазе тых вернікаў і пастыраў нашай зямлі, якія ў часы пераследу не гублялі надзеі ў Богу, якія захавалі і перадалі веру ў Бога наступным пакаленням; якія не толькі з пакорай чакалі ўваскрэсення Касцёла, давяраючы словам Хрыста, што брамы пякельныя не перамогуць Яго, але і дзейнічалі: вучылі дзяцей маліцца, патаемна рыхтаваліся да сакрамантаў споведзі і Камуніі, да сужэнства, да святарства, клапаціліся аб вяртанні касцёлаў…

Дарагія браты і сёстры, жадаю вам радасці і надзеі, якую нясе Уваскрэслы Хрыстус…

Віншую католікаў і тых хрысціянаў, якія сёння адзначаюць гэтае свята!

Віншую нашых праваслаўных братоў, якія цяпер, падчас Вялікага посту, рыхтуюцца да святкавання пасхальнай таямніцы. Дарагія праваслаўныя і ўсе людзі добрай волі, аб’яднаўшы нашы намаганні, мы можам быць знакам еднасці і надзеі для свету.

На радаснае і плённае перажыванне Вялікадня ад усяго сэрца вас благаслаўляю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0