Рок спрытнейшы за літаратуру.

Вангую, першая мастацкая кніжка пра цяперашнія беларускія падзеі з’явіцца не раней як праз 20 гадоў. Усё, што будзе выходзіць да гэтага, пакіне паслясмак публіцыстыкі.

І я быў вельмі здзіўлены, праслухаўшы апошні альбом Лявона Вольскага. Адшукаў, дарэчы, не без прыгодаў, і мая парада зацікаўленым: карыстайцеся YouTube Music.

Дык вось, Лявон Артуравіч здолеў зрабіць тое, чаго дагэтуль не здольны быў зрабіць ніхто. Ён уціснуў у дзесяць трэкаў усе нюансы таго, што адбылося і яшчэ адбываецца тут. Калі выказацца пра гэты альбом у стылістыцы «Медузы», якая дае суперкароткія парадаксальныя рэцэнзіі на складаныя мастацкія з’явы, дык тут маем сумесь кантэнту тэлеграм-каналаў «Советская Белоруссия» і «Рэфлексія і рэакцыя», пакладзеную на добрую музыку.

Гэта не гімны пратэсту. Гэта не «Воіны святла» Міхалка, не «Муры» і не «Правілы» Nizkiz. Гэта менавіта глыбокі мастацкі водгук на траўму, якую перажыла краіна.

Бывае так, што ўжо назва кажа ўсё пра змест твора, з якім ты збіраешся пазнаёміцца. І назва тут вельмі красамоўная: «Трыбунал».

Часам аднаго слова дастаткова. Але і трэк-ліст быццам сфатаграфаваны са свядомасці сярэднестатыстычнага мінака-гараджаніна: «Краіна-калгас», «ССССССР», «Шрубкі сістэмы», «Вар’ят», «Гестапа», «Бяжы», «Цемра» — вось няпоўны пералік назваў.

Далей націскаеш на «плэй», і па вушах б’е гітарны рык. Так, Вольскі гэтым разам пацяжэў. Прычым пацяжэў істотна. У параўнанні з тымі песнямі Лявона Артуравіча, якія мы ўсе спяваем пад гітару ля вогнішча, яго месцамі не пазнаць. І гэта спачатку спараджае шок. Так было, калі Moby, стаміўшыся крычаць пра дабро і заклікаць да дабра, выпусціў неўрастэнічны альбом These Systems Are Failing, у якім ужо не спяваў — вішчаў. І спачатку гэта пужала, а пасля, праслухаўшы тэксты, я разумеў: чалавека ладна ўела. І ён кажа пра набалелае менавіта той інтанацыяй, якой натуральна казаць пра набалелае.

Так і тут. Адчуванне таго, што Вольскі хіліцца да System of a Down, знікае, калі даходзіць сэнс таго, што ён раве ў мікрафон. І тэксты тут такія, што сёй-той можа завагацца, ці законна іх цытаваць. Напрыклад: «Тыран-вар’ят рукой нягеглай вядзе свой край наўпрост у пекла».

Ці:

Гестапа праводзіць чысткі

Сярод пакуль што жывых,

Гестапа крычыць «фашысты!».

Фашысты не мы, а вы!

Гэты альбом — не лірыка. І не падбадзёрванне. Гэта менавіта прысуд у фармаце музычных кампазіцый. І было б дзіўна, калі б прысуд быў пакладзены на струннае трыа — тут якраз поўнае супадзенне формы і зместу.

І так, позняя творчасць Вольскага часцяком мае зрэз гэткага балаганнага ёрніцтва ў духу Саўкі ды Грышкі. Камусь гэта падабаецца, камусь — не. І я належу да апошніх.

Але ў «Трыбунале» менавіта гэты настрой, сумесь памфлета і анекдота, вядзе да цудоўных па трапнасці і нават меладычнасці вынікаў. Я не ведаю, колькі разоў праслухаў «Шрубкі сістэмы» з адчуваннем, што нехта ўзяў мае думкі і вельмі ладна іх зрыфмаваў:

Шрубкі сістэмы слухаюць загад,

Іхні слых наладжаны на загадны лад.

І прыпеў:

Ад усходу да заходу для нязгоды ёсць нагода,

Толькі гэтая парода згодная з усім заўсёды.

Галоўная песня альбома мае зусім іншы настрой. Урачысты і прароцкі. І я, дарэчы, тут кажу не пра «Героі нашай зямлі» — твор, які прадзюсары альбома палічылі загалоўным і знялі на яго відэа.

Мне падаецца, што самая галоўная песня тут — «Вечны агонь». Я ўпэўнены, што калі-небудзь яе будуць спяваць так, як спяваюць цяпер «Паветраны шар». Моцныя словы, дарэчы — напрыклад пра тое, што «нам дадзены гэты страх, каб перамагчы яго». Гэтая песня — адказ на пытанне, што гучыць у кожнай галаве цяпер. Але слухаць трэба не толькі словы. І слухаць не вушамі, а сэрцам.

Я шчыра віншую калегу з бліскучым і дасканалым альбомам.

Дзякуй ад слухачоў — цяперашніх і будучых!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?