Нідэрландская тэлерадыёкампанія NOS апублікавала расшыфроўку новых аўдыязапісаў па справе аб крушэнні рэйса МН17 на Данбасе ў ліпені 2014 года.

На іх зафіксаваныя, у прыватнасці, перамовы падазраваных Сяргея Дубінскага і Ігара Стралкова-Гіркіна.

Перамовы перахапілі ўкраінскія спецслужбы. Больш за дзясятак запісаў былі апублікаваныя Міжнароднай следчай групай.

У дзень авіякатастрофы 17 ліпеня Дубінскі заявіў, што мае непасрэдны кантакт з Масквой. На запісах чуваць, як у той жа дзень Дубінскі кажа пра ракетную ўстаноўку Бук на падкантрольнай баевікам тэрыторыі.

Прыкладна праз паўгадзіны пасля крушэння Боінга Дубінскі даведаўся ад тэрарыстаў, што яны нібыта збілі ўкраінскі знішчальнік. Яму спатрэбілася амаль дзве гадзіны для таго, каб высветліць, што ў гэты ж час быў збіты пасажырскі самалёт.

Пры гэтым з апублікаваных аўдыязапісаў незразумела, хто менавіта аддаў загад страляць з Бука.

Масква была ўцягнутая ў вайскова-стратэгічныя рашэнні, а тэрарысты атрымлівалі ад Расіі сродкі сувязі, абароненыя ад праслухоўвання. Сцвярджаецца, што да паставак апаратуры мела дачыненне ФСБ.

Пасажырскі Boeing 777 малайзійскіх авіяліній, які выконваў рэйс МН17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў збіты ўзброенымі сіламі Расіі над акупаваным Данбасам 17 ліпеня 2014 года. На борце лайнера знаходзілася 283 пасажыры і 15 членаў экіпажа. Усе яны загінулі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0