Фота pixabay.com 

Фота pixabay.com 

У апошні тыдзень на тэрыторыі Швецыі была зафіксаваная найвялікшая колькасць выпадкаў кавіду на мільён людзей. Гэтая лічба — 625 заражэнняў — у шмат разоў большая за адпаведныя лічбы ў суседніх краінах. Напрыклад, Фінляндыя мае за мінулы тыдзень 65 новых выпадкаў кавіду на мільён чалавек, а Данія — 111.

Да таго ж, у рэанімацыях шведскіх шпіталёў цяпер знаходзіцца найвялікшая колькасць людзей з часоў першай хвалі пандэміі. Аднак, нягледзячы на такое цяжкае становішча, краіна ўсё роўна не атрымала рэзкага росту колькасці памерлых ад кавіду. Мясцовыя чыноўнікі звязваюць гэта з тым, што шмат прадстаўнікоў найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, у прыватнасці жыхары інтэрнатаў для састарэлых, ужо прайшлі вакцынацыю, піша Guardian.

Швецыя ўсё ж увяла ў сувязі з пандэміяй некаторыя меры. Напрыклад, у краіне абмежаваная колькасць наведвальнікаў магазінаў з таварамі не першай неабходнасці, але пра закрыццё такіх магазінаў гаворка не ідзе. Бары і рэстараны таксама працягваюць працу, але час працы і продаж алкаголю ў іх жорстка абмежаваныя. Узмацняюцца абмежаванні і на грамадскія сходы, але шведскія школы ў асноўным працягваюць прымаць вучняў. Перавышэнне колькасці наведвальнікаў паркаў атракцыёнаў, канцэртаў і футбольных гульняў таксама забароненае.

Міністр аховы здароўя краіны Лена Халенгрэн на мінулым тыдні заявіла, што дзяржава імкнецца ставіць жыццё і здароўе людзей на першае месца і максімальна абараніць сістэму аховы здароўя. Але, як кажа Халенгрэн, шведскі ўрад таксама хоча дзейнічаць так, каб не занадта ўмешвацца ў асабістае жыццё людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0