Старшыня ўрада РФ Міхаіл Мішусцін 16 красавіка наведае з рабочым візітам Беларусь і правядзе ў Мінску перамовы з прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. Пра гэта паведамляе прэс-служба расійскага кабінета міністраў, піша ТАСС.

«Кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць актуальныя пытанні расійска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў энергетычнай, прамысловай, транспартнай і сельскагаспадарчай галінах. Асаблівая ўвага будзе нададзена перспектывам нарошчвання інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленні.

Расія — асноўны гандлёвы партнёр Беларусі. Доля Расійскай Федэрацыі ў беларускім таваразвароце з усімі краінамі свету — каля 50%. Доля Беларусі ў замежнагандлёвым звароце Расіі — каля 5%, яна займае чацвёртае месца сярод гандлёвых партнёраў Расіі ў свеце і першае — сярод краін СНД.

У 2020 годзе замежнагандлёвы зварот Расіі і Беларусі з прычыны пандэміі каранавіруса і глабальнага запавольвання эканамічнага развіцця знізіўся на 17,3%, да $29,5 млрд. Расійскі экспарт склаў $16,4 млрд (зніжэнне на 25,6%), імпарт з Беларусі — $13,1 млрд (зніжэнне на 4%). Гандлёва-эканамічныя сувязі з Беларуссю падтрымліваюць больш за 80 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі.

Расія трывала ўтрымлівае першае месца па назапашаных інвестыцыях у беларускую эканоміку. У 2020 годзе яны перавысілі $4 млрд. У Беларусі дзейнічае амаль 2,5 тыс. кампаній з удзелам расійскага капіталу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0