Вялікая Малочная вайна скончылася перамогай Беларусі. Ці не вырашальным аргументам стала яе гатовасць увесці элементы мытнага ды пагранічнага кантролю на ўсходняй мяжы. Імпэт беларускіх мытнікаў добра вядомы. І, будзьце спакойныя, у іх знойдзецца свой тэхрэгламент, перад якім параграфы доктара Анішчанкі здадуцца дзіцячым лепетам.

Ва ўсякім разе, як толькі ўзнікла пагроза, што з расійскімі фурамі стануць разбірацца па поўнай праграме на тутэйшых вялікіх дарогах, Масква хуценька зняла бязлітасны дыягназ галоўнага санітарнага доктара Анішчанкі. Паперы ў адпаведнасці з новым тэхнічным рэгламентам усё адно давядзецца аформіць, але гэта ўжо не катастрофа. Бо плыні прадукту, што яшчэ ўчора клеймаваўся тамтэйшымі змагарамі за санітарыю ледзь не як атрута, зноў пацяклі ў гандлёвую сетку ўсходняй суседкі.

Цяпер ужо ўсім відавочна, што гэты канфлікт (далёка не апошні ў летапісе дачыненняў заклятых хаўруснікаў, якім у агляднай перспектыве адзін ад аднаго не адкараскацца) быў выключна палітычны. І нават у значнай ступені — геапалітычны.

Так, расійцы гэтым разам хацелі ўзяць малаказаводы. Але сёння — малаказаводы, заўтра — «Белтрансгаз» з усімі вантробамі, паслязаўтра — нафтахім… Што застанецца? У рэшце рэшт пакінуць «сінявокай сястры» хіба што прасавецкія герб ды сцяг. Ператвораць у паўкалонію, дамініён. Прычым і адміністрацыю стануць прызначаць дэ-факта з Крамля.

Ужо хто-хто, а Лукашэнка, з ягоным фантастычным нюхам на небяспеку для ўлады, гэтую перспектыву — цалкам бязрадасную як для яго асабіста, так і для краіны — даўно раскусіў.

Прычым, улічыце, ён ведае пра метады «братняй інтэграцыі» значна болей за простых смяротных. Памятаеце: «Нас хочуць ўзяць голенькімі і голымі рукамі, бясплатна…»; «Гульня распачата не на жарт, майце на ўвазе. Выстаім — будзе дзяржава. Не выстаім — зламаюць і бясплатна ў кішэнь пакладуць…».

І трэба думаць, тыя закулісныя рэчы (ультыматымы наконт прызнання Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі, продажу малочнай галіны), якія беларускі афіцыйны кіраўнік вынес на публіку, каб абяззброіць мацнейшага праціўніка, — толькі каліва шэкспіраўскіх жарсцяў маштабу «быць ці не быць», што бушуюць за фальшывай шырмай «саюзнай дзяржавы».

І ўжо будзьце ўпэўнены, Лукашэнка не забудзе злавесную фразу крамлёўскага ананіма пра тое, што, мусіць, некаму надакучыла быць прэзідэнтам Беларусі. Калі раней у яго і былі сумневы, ці варта ўлазіць у шчыльнейшыя стасункі з Еўрасаюзам, то зараз заходні трэнд (пры ўсім нежаданні ладзіць палітычныя рэформы) безумоўна ўмацуецца.

Асобна адзначым усплёск нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Цягам малочнай вайны магутная сістэма падуладных Лукашэнку СМІ працавала дэ-факта на класічным лозунгавым паліве Беларускага народнага фронту. Быў задзейнічаны прапагандысцкі рэсурс, які і не сніўся апазіцыйным нацыяналістам.

Пра імперскае вераломства Крамля цяпер да драбніц інфармаваны нават апалітычныя бабкі ў самых глухіх вёсках. Беларусам зроблена татальная антымаскоўская прышчэпка.

Карацей, спроба Масквы настрашыць вожыка сваёй вялікай вагавай катэгорыяй скончылася прагназавана. Так, Беларусь надта залежная ад расійскіх рэсурсаў ды рынку. Але ж задзірацца з транзітнай дзяржавай — сабе даражэй. Украіна магла б ужо і навучыць. Дарэчы, тое, што зараз «Газпром» спрабуе тачыць новую вайну, патрабуючы даплаты за газ (насуперак травеньскаму абяцанню Пуціна браць па лагодным сярэднегадавым тарыфе) таксама, мякка кажучы, недальнабачна.

І рэч не толькі ў трубе. Для Расіі вельмі ўразлівымі пунктамі ёсць, напрыклад, яе вайсковыя аб’екты на беларускай тэрыторыі. Гаворка ідзе пра РЛС «Волга» пад Ганцавічамі (адсочвае пускі балістычных ракет па дузе ад Скандынавіі да Афрыкі) ды 43-і вузел сувязі ВМФ пад Вілейкай (без яе расійскія атамныя субмарыны аслепнуць і аглухнуць).

Уявіце сабе, што, умоўна кажучы, мясцовыя электрыкі скажуць: у вас не той тэхрэгламент, тушы святло!

Беларускі афіцыйны кіраўнік ужо і так даў пад дых байкотам саміту АДКБ. Як бы ні храбрылася Масква, што рашэнні ўсё адно легітымныя, без беларускага хаўрусніка праект гэтага «антыНАТО» пачынае выглядаць зусім ужо карыкатурным.

Канечне, гульня на абвастрэнне заўжды павышае і ўласную рызыку. Але хоць ананім у Крамлі і палохае, дэ-факта ў Расіі няма дзейсных рычагоў, каб, кажучы паліткарэктна, ажыццявіць замяшчэнне ўлады ў Беларусі.

Ва ўсякім разе, кіраванага працэсу не атрымаецца. Абваліць жа эканоміку і выклікаць забурэнні — гэта значыць распаліць вогнішча на ўласным парозе. У Маскве зусім не беспадстаўна баяцца, што новая беларуская ўлада ўжо без варыянтаў пасячэ мёртвыя саюзныя дамовы ды возьме курс на інтэграцыю ў Еўропу.

Зрэшты, ужо ў гэтым канфлікце за спіной Мінска нябачна паўстаў Захад. І мільярд долараў, абяцаны вуснамі місіі МВФ, як толькі Масква затрымала траншу на паўмільярда, аказаўся адным з найэфектнейшых хадоў у цяперашнім геапалітычным суперніцтве за Беларусь.

Як зазначае дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі, у краіны застаецца літаральна тры-чатыры гады на структурную перабудову эканомікі, каб найменей залежаць ад Расіі. Бо калі тая нарэшце пракладзе трубы ў абыход сінявокай рэспублікі, то дыктат стане бязлітасны.

З іншага боку, пры цяперашняй уладзе паўнавартая інтэграцыя ў ЕС немагчымая. Ды і любы наступны ўрад будзе вымушаны лічыцца з расійскім чыннікам. Аналітык беларускай службы «Радыё Свабода» Ян Максімюк лічыць імаверным варыянт «фінляндызацыі» краіны.

«Рэальна глянуўшы на справу, — піша ён, — Беларусі сёння немагчыма ўцячы ні ў НАТО, ні ў Еўрасаюз, а магчыма — схавацца у “шэрай зоне ”, “фінляндызавацца” і жыць, не замінаючы “ні нашым, ні вашым”, як жылі фіны больш за 40 гадоў пасля ІІ сусветнай вайны.

І чакаць свайго наступнага гістарычнага шанцу. Магчыма, такога, калі разваліцца сама Расія...».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?