Адвакат, якога наняла жонка Фядуты, убачыла свайго падабароннага не адразу, а праз некалькі дзён пасля затрымання. Спачатку для Фядуты запрасілі дзяжурнага адваката. Інфармацыі ад яго таксама практычна ніякай не было.

Са слоў Марыны Шыбко, цяперашні адвакат звязаная жорсткай падпіскай аб невыдаванні і не паведамляе ніякіх падрабязнасцяў, звязаных з расследаваннем справы.

«Адвакат цяпер для таго, каб даведацца, якія шкарпэткі і трусы перадаць, — кажа Марына. — Жартую, вядома, але на самай справе падрабязнасцяў ніякіх не маю… Толькі бытавыя пытанні нейкія». 

Дарэчы, прозвішча адваката Фядуты Марына не называе — кажа, яна ўсё роўна не будзе камунікаваць з журналістамі, бо звязана падпіскай. Вядома, што адвакат працуе ў юрыдычнай кансультацыі Цэнтральнага раёна Мінска.

Лісты да Аляксандра Фядуты пакуль не даходзяць. Але тэлеграму ад жонкі ён атрымаў.

«Ён сказаў, што напісаў ліст, але я яго не атрымлівала, — кажа Марына. — Ведаю, што яму многія пішуць, пытаюцца парады па літаратурных справах як у эксперта, але пакуль не чула, каб хтосьці ад яго атрымаў адказ, і не ў курсе, ці перадаюць яму наогул карэспандэнцыю».

У Аляксандра Фядуты праблемы са здароўем, ёсць хранічныя захворванні. Лекі, якія ён прымае пастаянна, Марына Шыбко перадала ў следчы ізалятар КДБ, іх прынялі.

«Цяпер ён праз адваката сказаў, што ціск скача, папрасіў, каб яму перадалі танометр, але я не ведаю, прымуць яго ці не, 

— кажа жонка Фядуты. — І яшчэ просіць, каб яму перадалі больш паперы — для лістоў і працы, ён сабраўся ў следчым ізалятары пісаць ледзь не чарговую дысертацыю, доктарскую ён абараніў у Польшчы. Ведаю, што яго наведваў лекар і яго выводзілі на прагулкі. Больш ніякай інфармацыі ў мяне, на жаль, няма». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0