Фота Depositphotos.com
Да 2030 года ЕС спадзяецца, што на еўрапейскіх дарогах будзе больш за 30 мільёнаў электрамабіляў. Аднак хоць электрамабілі не павялічваюць выкіды вугляроду падчас выкарыстання, экспертаў турбуе, што будзе з батарэямі, калі скончыцца іх тэрмін дзеяння, які доўжыцца 10-15 гадоў, піша BBC.
Большасць кампанентаў электрамабіляў супадае з тымі, што ў звычайных аўто, але ключавая розніца — у батарэях. Традыцыйныя свінцова-кіслотныя батарэі шырока перапрацоўваюцца, чаго нельга сказаць пра літый-іонныя версіі, якія выкарыстоўваюцца ў электрамабілях. Да таго ж літый-іонныя батарэі маюць у сваім складзе небяспечныя рэчывы, а таксама могуць выбухаць падчас няправільнай разборкі.
Таму кіраўніцтва ЕС настойвае на тым, каб вытворцы электрычных транспартных сродкаў неслі адказнасць за тое, што будзе са скарыстанымі батарэямі. І аўтавытворцы пачынаюць знаходзіць выйсці.
Кампанія Nissan, напрыклад, навучылася паўторна выкарыстоўваць батарэі сваіх аўтамабіляў Leaf у транспартных сродках, якія дастаўляюць дэталі на заводы.
Volkswagen робіць тое ж самае, але, акрамя гэтага, кампанія адкрыла свой першы завод па перапрацоўцы акумулятарных сістэм у Германіі, дзе штогод плануецца перапрацоўваць 3600 батарэй.
Больш за тое, пасля правільнай перапрацоўкі можна атрымаць шмат карысных матэрыялаў, сярод якіх кобальт, нікель і літый. Аднак гэта маса патрабуе паўторнай энергаёмістай перапрацоўкі, каб гэтыя матэрыялы можна было выкарыстоўваць паўторна. Таму многія еўрапейскія навуковыя арганізацыі імкнуцца стварыць тэхналогіі для аптымізацыі перапрацоўкі батарэй электрамабіляў.