Фота pixabay.com

Нядаўна распрацоўшчыкі з ЗША прадставілі праграму, якая можа выявіць аўтызм у дзяцей ва ўзросце 16 месяцаў. Гэта мабільная аплікацыя, якая выкарыстоўвае камеру на iPad ці iPhone, распавядае Daily Mail.

Працуе гэта так: дзіця глядзіць на прыладзе спецыяльныя відэа, а камера адсочвае і аналізуе рухі яго вачэй. Адна з прыкмет аўтызму — схільнасць чалавека больш канцэнтраваць увагу на прадметах, чым на жывых людзях, таму назіранне за рухамі вачэй можа дапамагчы выявіць гэтую асаблівасць развіцця.

Што тычыцца саміх відэа, то, напрыклад, на адным з іх у левай частцы экрана мужчына пускае мыльныя бурбалкі, а ў правай знаходзіцца яго бутэлька з вадкасцю для бурбалак і цацка. Іншае відэа, што даследчыкі прапанавалі для дыягностыкі, змяшчала кадры з жанчынай, якая ўсміхаецца, а ў другой палове экрана таксама знаходзілася цацка. Калі аплікацыя праходзіла выпрабаванні, дзеці, у якіх раней ужо быў выяўлены аўтызм з дапамогай агульнапрынятых метадаў дыягностыкі, падчас прагляду відэа глядзелі толькі на цацкі, дзеці ж без аўтызму звярталі ўвагу на ўсе аб’екты на экране.

Раней метад назірання за рухамі вачэй ужо выкарыстоўвалі для дыягностыкі аўтызму, але новая аплікацыя стала першай спробай працы з такім метадам без спецыяльнага абсталявання і дапамогі эксперта, што звычайна тлумачыў рухі вачэй. Дзякуючы гэтаму, а таксама таму, што на тэсціраванне дзіцяці трэба толькі 10 хвілін, аплікацыю можна лёгка выкарыстоўваць дома ці ў маленькіх клініках.

Зараз даследчыкі працягваюць тэсціраванне аплікацыі. Адна з мэт — праверыць, ці будзе працаваць такі сродак дыягностыкі аўтызму ў выпадку з шасцімесячнымі дзецьмі. Калі ўсё будзе добра, аплікацыя дазволіць павялічыць колькасць выяўленых выпадкаў аўтызму, што дасць магчымасць дзецям з такой асаблівасцю атрымаць адпаведную дапамогу спецыялістаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру