Ілюстрацыйнае фота

У суботу пасля затрымання, нагадаем, частку людзей з пратаколамі адпусцілі. У выніку ў мясцовым ІЧУ апынуліся восем чалавек. Сярод іх адна дзяўчына, а таксама сын гаспадыні саўны.

— Мы прыехалі ў суд да 10-й раніцы, але працэсы пачаліся толькі ў канцы працоўнага дня, — распавядае жонка аднаго з затрыманых. — Тыя, на каго пратакол складалі ўпершыню, атрымалі па 15 сутак. Гэта чатыры чалавекі. Сярод іх дзяўчына і сын гаспадыні саўны. У гэтага хлопца, дарэчы, на сёння [аўторак] была прызначаная шпіталізацыя, яго павінны былі апераваць, але ён застаўся ў ізалятары.

Яшчэ траім затрыманым, якія раней ужо праходзілі па «адміністрацыйцы», далі 25 сутак.

— У аўторак у майго сына дзень нараджэння, таму а 20-й вечара нам прыйшлося з'ехаць з суда, каб арганізаваць яму невялікае свята ў піцэрыі. Калі мы сыходзілі, працэс над восьмым затрыманым яшчэ не скончыўся, таму якое пакаранне вынеслі яму, я не ведаю, — працягвае суразмоўца. — Невядома пакуль і тое, калі будуць судзіць тых, каго пасля затрымання адпусцілі дадому з пратаколамі.

Пазней стала вядома, што і гэты чалавек атрымаў 25 сутак.

Праваабаронцы паведамляюць, што ўсяго былі асуджаныя дзевяць чалавек: Яўген Літвінаў, Юрый Шастак, Арцём Крот, Васіль Аўчарэнка і Соня Ермачонак атрымалі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Аляксей Казлоў, Аляксандр Кавалёў, Яўген Шаляпень і Станіслаў Рэпкін — па 25 сутак.

Нагадаем, у суботу прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама паведаміла: людзі «арганізавалі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з выкарыстаннем пратэснай сімволікі».

Усіх прысутных даставілі ў РУУС, дзе на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 Каап (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Частка з іх неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэсных акцыях, паведаміла абласная міліцыя.

Самі людзі сцвярджалі, што вырашылі сабрацца і схадзіць у саўну, таму што ў горадзе планавалася адключэнне гарачай вады. Пратэснай сімволікі ў іх з сабой не было.

Як паведамлялі праваабаронцы, чацвёра затрыманых абвясцілі галадоўку: такім чынам яны выказалі нязгоду з абвінавачваннем.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру