Калі наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед ібн Салман здзейсніць сваю мару коштам 500 мільярдаў даляраў, на месцы пустыні з’явіцца горад будучыні Неом, які мусіць прыцягнуць вялізныя інвестыцыі. Гэта, у сваю чаргу, дапаможа каралеўству зменшыць сваю залежнасць ад нафты да таго, як яе запасы ў краіне скончацца, піша The Wall Street Journal.

Слова «неом» утворана ад грэчаскай прыстаўкі «нео» ў значэнні «новы», а чацвёртую літару ўзялі з арабскай абрэвіятуры, што расшыфроўваецца як «будучыня».

Будучы Неом. Рэндар. Ілюстрацыйны матэрыял з Wall Street Journal.

Будучы Неом. Рэндар. Ілюстрацыйны матэрыял з Wall Street Journal.

Аднак пакуль распрацоўка праекта ідзе марудна, а работнікі масава сыходзяць праз непаразуменні на глебе амбіцый прынца датычна бачання праекта.

Напрыклад, інжынеры змагаюцца з патрабаваннямі зрабіць паглыбленне ў схіле гары на 30 паверхаў углыб і 800 метраў удоўжкі для размяшчэння там гатэляў і рэзідэнцый. Яшчэ адзін канфлікт разгарэўся на фоне дырэктывы аб будаўніцтве 10 палацаў, кожны з якіх большы за футбольнае поле. Гэта прымусіла супрацоўнікаў задумацца пра мэтазгоднасць будаўніцтва такіх раскошных будынкаў, якія будуць каштаваць каля 400 мільёнаў даляраў кожны.

Архітэктары прапаноўваюць больш простую і рэалістычную планіроўку горада, але прынц загадвае думаць шырэй.

35-гадовы Мухамед ібн Салман мае грандыёзныя планы на Неом. Адна з задумак — пабудаваць у цэнтры Неома лінейны горад без машын на 170 км удоўжкі, які будзе злучаны з астатнімі часткамі праекта высакахуткасным цягніком.

Будучы Неом. Рэндар. Ілюстратыўны матэрыял з Wall Street Journal.

Будучы Неом. Рэндар. Ілюстратыўны матэрыял з Wall Street Journal.

«Разумны» горад будуць акружаць яшчэ 4 іншыя аб’екты — заліў Неом, раён Акабы, гара Неом і прамысловы горад. Мяркуецца, што Неом будзе мець 14 прамысловых сектараў, у тым ліку энергетыку і вытворчасць прадуктаў харчавання.

Некаторыя эксперты скептычна ставяцца да такіх планаў, якія, на іх думку, немагчыма ажыццявіць. Многія супрацоўнікі перакананыя, што праект не прыцягне дастатковую колькасць інвестыцый, а законы, якія каралеўства намагаецца прыняць для Неома, не прыйдуцца даспадобы замежнікам.

Цяперашнія і былыя супрацоўнікі сцвярджаюць, што выканаўчы дырэктар праекта Надмі аль-Наср, які 30 гадоў працаваў у нафтавай кампаніі Aramco, імкнецца рэалізаваць усе жаданні прынца. У выніку супрацоўнікі, незадаволеныя стылем кіравання, адмаўляюцца ад кантрактаў на вялізныя сумы, а некаторыя ўвогуле не змаглі вярнуцца ў Саудаўскую Аравію летась праз абмежаванні. Таму праект ажыццяўляецца марудна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0