Плясосы, Панямонь і Слабада

Пра гісторыю перасялення з Наваградчыны ў Сібір сям’і Лецкаў супрацоўнікі нашага музея пачулі ад Юрыя Комлева, які жыве ў Алтайскім краі. Ягоныя прадзед, дзед і бабуля нарадзіліся і выраслі недалёка ад Шчорсаў пад Наваградкам: прадзед Цімох Лецка — у вёсцы Плясосы, дзед Лука Лецка — у вёсцы Слабада, а бабуля Ганна — у Панямоні.

Пра паходжанне сваіх продкаў па лініі маці Юрый даведаўся, даследуючы генеалогію роду Лецкаў. Вывучаючы метрычныя кнігі і архіўныя дакументы, старыя польскія і савецкія карты, ён высветліў, што жыхары невялікай вёсачкі Плясосы насілі, як і ягоныя продкі, прозвішча Лецка. А непадалёк знаходзіліся аж два засценкі з назвамі Лецка і Лецкі. Часта сустракаецца такое прозвішча і ў навакольных вёсках Лозкі, Балотца, Клінцы, Слабада.

У архіўных дакументах вёскі Плясосы і Панямонь упершыню згадваюцца ў 1799 годзе, а Слабада — у 1845- м. На 1845 год у Плясосах было 6 двароў і 71 прыгонны селянін, у Панямоні — 34 двары і 262 прыгонныя, у Слабадзе — 29 двароў і 228 душ прыгонных сялян.

Сёння вёска Панямонь уваходзіць у склад Шчорсаўскага сельсавета Наваградскага раёна, а вёскі Плясосы і Слабада, як і засценкі Лецка ды Лецкі, зніклі яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя. Сёння нават старажылы не ведаюць дакладнага месца іх знаходжання.

Сяляне са Шчорсаў. 1894 год. Jozef Boretti

Сяляне са Шчорсаў. 1894 год. Jozef Boretti

У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў усе гэтыя вёскі былі ўласнасцю знакамітага магнацкага роду Храптовічаў. Гаспадарка, арганізаваная Храптовічамі, была адной з самых перадавых у Вялікім Княстве Літоўскім. У маёнтку займаліся не толькі вырошчваннем сельскагаспадарчых культур ды жывёлагадоўляй, але рабілі таксама фурманкі, выпякалі хлеб, варылі піва, займаліся сыраварствам, разводзілі рыбу.

Пры гэтым Храптовічы ўвесь час клапаціліся пра ўзровень жыцця сваіх сялян, а таксама пра асвету іх дзяцей. Таму часта сяляне з гаспадарак суседніх памешчыкаў уцякалі ў Шчорсы. Гісторык Аляксандр Ельскі ў «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін», што выдаваўся напрыканцы ХІХ стагоддзя, пісаў, што сяляне Храптовічаў адрозніваюцца ад іншых разумовым развіццём, бо пра іх дабрабыт клапоцяцца некалькі пакаленняў гэтага роду.

«Не пакінулі б мы край наш родны, каб было дзеля нас у ім хлеба…»

Тым не менш не ўсё было так добра, бо ў Наваградскім павеце адчуваўся востры недахоп зямлі. Малазямелле, недахоп працы, а таксама нізкая яе аплата сталі прычынай росту перасяленняў адсюль у розныя канцы Расійскай імперыі: на свабодныя землі Сібіры і Далёкага Усходу, на заводы і чыгунку Пецярбурга, Масквы, Рыгі, Вільні, Кіева і іншых гарадоў. Напрыклад, толькі ў красавіку 1887 года больш за 60 сем’яў з Нягневіцкай, Пачапаўскай, Райчанскай і Шчорсаўскай валасцей выказалі жаданне перасяліцца на Урал.

Рэальнай альтэрнатывай перасяленню ўглыб Расійскай імперыі для жыхароў Наваградчыны ў гэты час была хіба толькі эміграцыя ў Амерыку.

Праўда, нам вядомая і гісторыя перасялення сялян з Наваградчыны на Піншчыну, у вёску Калоднае цяперашняга Столінскага раёна. Восенню 1888 года туды пераехалі 345 чалавек, а вясной 1889-га яшчэ 336 чалавек са Шчорсаў, Мілушава, Лаўрышава і іншых месцаў (гл. пра Калоднае, гэты кавалак Панямоння на Пінскім Палессі, артыкул мясцовай ураджэнкі Ірыны Рубан у № 2/2020 «Нашай гісторыі»). Таксама вядомы гісторык Мікола Улашчык згадваў у сваёй манаграфіі пра родную вёску Віцкаўшчына на Міншчыне (цяпер Дзяржынскі раён), што і тут частка мясцовага насельніцтва складалася з перасяленцаў з Наваградчыны — вёсак Цырын, Некрашэвічы і Жухавічы цяперашняга Карэліцкага раёна.

Але гэта былі зусім нешматлікія выпадкі, калі наваградскія сяляне перасяляліся ў месцы, размешчаныя адносна недалёка ад сваіх радавых сядзібаў. Што давала ім магчымасць у выпадку няўдачы на новым месцы без асаблівых цяжкасцяў вярнуцца назад. Зусім іншая справа — перабрацца ў Сібір, на адлегласць у тысячы кіламетраў ад родных вёсак, на неабжытыя землі з суровым кліматам. Для тых, хто паспяхова адолеў такі доўгі шлях, вярнуцца назад ужо амаль не было шанцаў.

Вятрамі рэвалюцыі

Гісторыя перасялення ў Сібір сям’і Лецкаў, з аднаго боку, з’яўляецца тыповай для многіх беларусаў-перасяленцаў, а з другога — і адметнай. Лука і Ганна Лецкі (дзявочае прозвішча Ганны — Ляпешка) нарадзіліся і выраслі ў суседніх вёсках, але пазнаёміліся толькі ў Сібіры, куды трапілі рознымі шляхамі.

Сям'я Лецкаў. 1930-я гады. З архіва Юрыя Комлева

Сям'я Лецкаў. 1930-я гады. З архіва Юрыя Комлева

Лука Лецка нарадзіўся ў 1879 годзе ў вёсцы Слабада. У маладым узросце ён ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, ад якой у яго было двое дзяцей: сын Аляксандр і дачка Наталля. Сам Лука ведаў цяслярскую справу, быў лесарубам, апрацоўваў зямлю. Жылося цяжка. Каб пракарміць сям’ю, не хапала сродкаў, бо лепшыя землі былі ў памешчыкаў. А таму сяляне сталі шукаць сабе працу ў горадзе.

Вось і Лука Лецка яшчэ перад Першай сусветнай вайной падаўся ў Пецярбург. Тут ён працаваў рабочым на заводзе. Потым хацеў вярнуцца дадому, але Наваградчына была акупаваная немцамі, таму ён мусіў выправіцца назад. У 1917 годзе ў Петраградзе Луку закруціў вір рэвалюцыі, ён яшчэ не раз спрабаваў вярнуцца ў родную вёску, але кожны раз без поспеху. Так ён застаўся без сям’і, адзін у вялікім горадзе, сярод незнаёмых людзей, без падтрымкі.

Пасведчанне на імя Лукі Лецкі. З архіва Юрыя Комлева

Пасведчанне на імя Лукі Лецкі. З архіва Юрыя Комлева

І тады Лука раптам успомніў, што недзе ў Сібіры жыве ягоны стрыечны брат Сідар Лецка. Трапіў ён туды, збегшы з катаргі, якую адбываў за падпал памешчыцкай сядзібы ў сваёй роднай вёсцы на Наваградчыне. Пазней да яго з Беларусі пераехала сям’я, а потым і шмат былых аднавяскоўцаў. Да Сідара і накіраваўся Лука Лецка.

Тразвонава і Цюменцава

Сідар Лецка жыў у глухой вёсачцы з гучнай назвай Тразвонава (руск. Трезвоново). У пачатку мінулага стагоддзя Тразвонава было вёскай Кулундзінскай воласці Томскай губерні. Цяпер гэтая вёска называецца Гразнова ў гонар мясцовага ўраджэнца, Героя Савецкага Саюза Аляксандра Гразнова і ўваходзіць у склад Цюменцаўскага раёна Алтайскага края.

Сучасная вуліца былога Тразвонава. Фота Сяргея Башлычова, ap22.ru

Сучасная вуліца былога Тразвонава. Фота Сяргея Башлычова, ap22.ru

Лука Лецка дабраўся да Тразвонава ў 1918 годзе. У яго на руках быў дакумент, выдадзены 16 мая 1918 года Кашынскім саветам па аказанні дапамогі бежанцам у пошуках месца жыхарства. Кашын — гэта невялікі горад у Цвярской губерні. Калі, чаму і як Лука ў ім апынуўся, сказаць цяжка.

У той час у Тразвонаве і ў суседняй вёсцы Цюменцава ўжо былі цэлыя калоніі перасяленцаў з Наваградчыны. Тут жылі сем’і Краскоўскіх, Дубовікаў, Гарбатоўскіх, Полякаў, Лекантаў, Жукоў, Комараў, Базароў, Мальцаў. Яны жылі побач і дапамагалі адзін аднаму. У Цюменцаве нават адна з вуліц называлася Мінскай.

Дзве сям’і

У 1920 годзе Лука Лецка, канчаткова страціўшы надзею на злучэнне са сваёй сям’ёй, ажаніўся з удавой Ганнай Поляк, той самай Ганнай Ляпешка, якая была родам з Панямоні. Яна разам са сваім першым мужам і сынам выехала ў Сібір у 1911 годзе, падчас правядзення сталыпінскай аграрнай рэформы. У Першую сусветную вайну яе муж загінуў, і Ганна засталася з сынам на руках.

Ганна Лецка. 1940-я гады. З архіва Юрыя Комлева

Ганна Лецка. 1940-я гады. З архіва Юрыя Комлева

Пажаніўшыся, Лука і Ганна пачалі паступова абжывацца. У іх нарадзілася яшчэ трое дзяцей. У 1930-я гады, у часы калектывізацыі, мусілі разам з усімі аднавяскоўцамі ўступіць у калгас, працавалі там.

Лука ўсынавіў сына Ганны і даў яму сваё прозвішча. А неўзабаве даведаўся пра тое, што ягоны сын ад першага шлюбу, Аляксандр, які жыў на Наваградчыне, эміграваў у Паўднёвую Амерыку. У 1937 годзе ў Тразвонава, на імя Лукі Лецкі, прыйшоў ліст ад Аляксандра, ён спрабаваў знайсці свайго бацьку. Пачалі перапісвацца. Пазней стала вядома, што Аляксандр з польскім пашпартам перабраўся праз Францыю ў Аргенціну і там пражыў доўгае жыццё.

Бацьку ж Аляксандра кантакты з ім ледзь не вылезлі бокам. У 1939 годзе Лука Лецка быў арыштаваны як вораг народа, і фармальнай падставай для таго сталі акурат два лісты, якія ён атрымаў ад сына. На шчасце, у Лукі захавалася тое самае вышэйзгаданае пасведчанне Кашынскага савета, якое следчыя палічылі важным аргументам у судовай справе. Урэшце Луку адпусцілі, і родныя лічаць, што менавіта гэты дакумент выратаваў яму жыццё. Гэтае пасведчанне доўгі час захоўвала дачка Лукі, Вольга Комлева, а зараз яно перайшло ў спадчыну ягонаму ўнуку Юрыю.

Засталіся толькі прозвішчы

Лука і Ганна Лецкі так і пражылі ў Сібіры ўсё сваё астатняе жыццё. Ці сумавалі яны па родных мясцінах, дзе нарадзіліся і выраслі? Відаць, так. Прынамсі, яны перапісваліся са сваімі роднымі: Лука з дачкой Наталляй, якая жыла ў вёсцы Балотца, Ганна з сёстрамі Фядорай Калядой, якая жыла ў Шчорсах, і Надзеяй Паўловіч з Панямоні. Але сустрэцца ўжывую ім так больш і не давялося. Вельмі ўжо шмат кіламетраў ляжала паміж імі.

З часоў перасялення наваградскіх беларусаў у Сібір прайшло ўжо больш за сто гадоў. Даўно няма сярод жывых Лукі Лецкі і ягонай жонкі, памерлі нават іх дзеці. За гэты час нашчадкі Лецкаў перамяшаліся з яраслаўскімі і разанскімі перасяленцамі. Асіміляваліся, засвоілі мясцовую гаворку, традыцыі. Для іх дзяцей і ўнукаў Сібір ужо сапраўдная радзіма.

Але ў тых мясцінах Алтайскага края, дзе некалі аселі перасяленцы з Наваградчыны, яшчэ сёння гучаць беларускія прозвішчы: Краскоўскі, Каляда, Дубовік, Гарбатоўскі, Лецка. Хоць шмат беларускіх прозвішчаў цяпер перароблена на рускі лад. Полякі сталі Паляковымі, Леканты — Лекантавымі, Жукі — Жукавымі, Комары — Камаровымі, Базары — Базаравымі, Мальцы — Мальцавымі. І цяпер ужо з ходу і не зразумееш, што некалі ў іх былі беларускія карані. Тым больш што нават тыя, хто захаваў прозвішчы продкаў, па самасвядомасці ўжо рускія.

Пра гісторыю ўдзелу беларусаў у каланізацыі Сібіры чытайце ў артыкуле Андрэя Вашкевіча «Як ліцвіны заваёўвалі царам Сібір» у № 11/2019 «Нашай гісторыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?