Tut.by

Tut.by

На лаве падсудных — 13 чалавек, 11 з якіх — палітзняволеныя. З іх двое — непаўналетнія.

Таксама ў гэтай партыі судзяць 18-гадовую Віталію Бандарэнку, якую збіраліся судзіць раней, але на суд яна не з’явілася тады, бо з’ехала за мяжу. Калі вярнулася, каб пабачыць свайго каханага перад калоніяй (непаўнагадовага Дзяніса Хазея асудзілі на 3 гады папраўчай калоніі), яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА №7.

12 мая пракурор прапанаваў прызначыць наступныя пакаранні для фігурантаў гэтай справы:

  1. 18-гадовая палітзняволеная Віталія Бандарэнка — 4 гады калоніі агульнага рэжыму; 
  2. 26-гадовы былы дэсантнік Дзяніс Марусевіч — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; 
  3. 22-гадовы Уладзімір Рубашэўскі — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  4. 21-гадовы Марк Салонікаў — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  5. 27-гадовы Віктар Панцялееў — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  6. 20-гадовы Даніла Бандарук — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (па ч. 1 арт. 339 і па ч. 2 арт. 293);
  7. 32-гадовы Вячаслаў Касцючык — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  8. 20-гадовы Максім Зіневіч — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  9. 24-гадовы Міхаіл Калішук — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; 
  10. непаўналетні Аляксандр Вінярскі — 3 гады выхаваўчай калоніі (просяць узяць іх пад варту ў зале суда);
  11. непаўналетні Эдуард Кудынюк — 3 гады выхаваўчай калоніі (просяць узяць іх пад варту ў зале суда);
  12. 22-гадовы Андрэй Грышчук — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; 
  13. 23-гадовы Сіман Канцэвіч — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. 

У выніку беспарадкаў, па версіі следства, пацярпелі 24 сілавіка. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў вобласці вялікага пальца правай пясці, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх — пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца. 

Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, па версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.

Усе пацярпелыя адмовіліся ад пазоваў аб кампенсацыі маральнай або маёмаснай шкоды да абвінавачаных.

Усе абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. 20-гадовы Даніла Бандарук яшчэ абвінавачваецца ў хуліганстве: па версіі пракуратуры, 9 жніўня ён ударыў рукой па грузавым аўтамабілі МАЗ і разбіў бакавое люстэрка.

Таксама дзяржабвінавачанне просіць спагнаць з 13 абвінавачаных у роўных долях кампенсацыю:

  • 13621,50 рублёў — на карысць УУС Брэстаблвыканкама;
  • 457,98 рублёў — Дэпартаменту аховы МУС;
  • 2781,16 рублёў — КУП Брэсцкае ДЭП;
  • 5307,50 рублёў — КУП «Камунальнік»;
  • 689,79 рублёў — КУП «Брэсцкі грамадскі транспарт»;
  • пацярпеламу Лычко пакрыць прычыненне маральнай шкоды.

Трое падсудных цалкам пагадзіліся з прад'яўленым абвінавачваннем, сямёра — часткова. Віталія Бандарэнка, Даніла Бандарук і Марк Салонікаў віну не прызналі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0