13 мая а дзявятай гадзіне вечара ЦАХАЛ пачаў сцягваць наземныя сілы ўздоўж мяжы з Сектарам Газа, каб быццам нанесці ўдар па цэлях ХАМАС. Да гэтага ЦАХАЛ наносіў моцныя ўдары з паветра, але наземная аперацыя, як мяркуецца, магла б нанесці яшчэ большую шкоду, піша The Jerusalem Post.

Уночы 14 мая на англамоўным акаўнце ізраільскай арміі ў Twitter з’явіўся допіс, што «наземныя і паветраныя сілы ЦАХАЛ проста цяпер атакуюць цэлі ў Сектары Газа».

Тут жа ў стужках вядучых сусветных СМІ пачала з’яўляцца навіна, што ў Сектары Газа пачынаецца наземная аперацыя, якая сведчыць пра абвастрэнне канфлікту ў рэгіёне.

Аднак праблема заключалася ў тым, што наземнай аперацыі насамрэч не было. ЦАХАЛ сцягнуў свае наземныя сілы да мяжы з Сектарам Газа, але войскі мяжу не перасякалі. Мэтай ізраільскай арміі было «метро» — падземная сетка тунэляў ХАМАС, схаваная ад ізраільскіх самалётаў, якая выкарыстоўвалася ісламісцкай групоўкай для захоўвання зброі і перасоўвання па Сектары з 2014 года.

Пасля паведамленняў у заходніх СМІ аб наземнай аперацыі з боку Ізраіля аператыўнікі ХАМАС накіравалі першую лінію абароны ў тунэлі, каб супрацьстаяць ізраільскім наземным сілам. Аднак ніякай наземнай аперацыі не было, а аператыўнікі ХАМАС былі атакаваныя ізраільскімі баявымі самалётамі.

Цяпер існуе меркаванне, што твіт быў наўмыснай дэзынфармацыяй з боку ЦАХАЛ, каб баевікі ХАМАС былі перакананыя, што ўваход у тунэлі бяспечны. Па ацэнках The Jerusalem Post, у выніку ізраільскай аперацыі было забіта 300-400 баевікоў ХАМАС. Дакладная колькасць загінулых не паведамляецца.

Ілюстрацыйнае відэа, апублікаванае ЦАХАЛ, дэманструе, як выглядала «метро» ХАМАС і як яно было знішчана

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0