Фота Pixabay

Манголія, насельніцтва якой складае крыху больш за 3,2 мільёна, знаходзіцца паміж двума буйнымі вытворцамі вакцын з глабальнымі амбіцыямі. Гэта мае свае перавагі, бо пакуль большасць краін у стадыі развіцця змагаюцца з сур’ёзным недахопам вакцын, Манголія мае дастаткова сродкаў, каб прышчапіць усё дарослае насельніцтва, дзякуючы ўгодам як з Кітаем, так і з Расіяй. Таму чыноўнікі ўжо абяцаюць грамадзянам лета без кавіду, піша The New York Times.

Манголія ўдала выкарыстала свой геапалітычны статус і атрымала дозы з той жа хуткасцю, як гэта атрымалася ў развітых краінах.

Гэта таксама перамога для Кітая і Расіі, якія зацікаўленыя ў рэсурсах Манголіі і імкнуцца адыграць сваю ролю ў спыненні пандэміі.

Спачатку Манголія адставала ад глабальнага закліку да вакцынацыі, бо амаль год чыноўнікі хваліліся, што выпадкаў заражэння ў краіне няма. Аднак успышка кавіду была зафіксаваная ў Манголіі ў лістападзе. Праз два месяцы гэта выклікала палітычны крызіс, бо ўрад не даваў рады эпідэміі. У выніку прэм’ер-міністр падаў у адстаўку.

Новы прэм’ер-міністр паабяцаў аднавіць эканоміку краіны, якая пацярпела ад лакдаўну і закрытых межаў, але гэтыя планы ўскладніліся ростам заражэнняў.

Тады Манголія звярнулася да Расіі і Кітая. У той жа час чыноўнікі спрабавалі закупіць вакцыны на Захадзе, але за адну прышчэпку Pfizer пасярэднікі прапаноўвалі цану 120 даляраў, што складае чацвёртую частку штомесячнага сярэдняга заробку ў краіне.

У выніку ў лютым Манголія ўхваліла расійскую вакцыну Sputnik V, а праз некалькі дзён і кітайскую Vero Cell. Хутка пасля гэтага Кітай ахвяраваў Манголіі 300 тысяч доз сваёй вакцыны ў знак «даўняга сяброўства».

Перамовы з Кітаем наконт вакцынацыі таксама ўключаюць у сябе пытанне адкрыцця межаў, бо Манголія мае патрэбу ў тым, каб Кітай набываў яе вугаль. Экспарт вугалю ў Кітай — адна з галоўных крыніц даходу Манголіі.

Таксама Манголіі ўдалося дамовіцца з Расіяй наконт паставак Sputnik V, але пакуль праз затрымку вытворчасці ў Манголію было дастаўлена толькі 60 тысяч доз. Таму большасць прышчэпак будзе зроблена кітайскай вакцынай.

Ва Улан-Баторы, сталіцы Манголіі, 97% дарослага насельніцтва ўжо атрымалі першую дозу. Ва ўсёй краіне больш за тры чвэрці манголаў таксама атрымалі першую дозу. Каб матываваць насельніцтва прышчапляцца кітайскай вакцынай, мангольскі ўрад выплачвае 18 даляраў пасля другой прышчэпкі.

Аднак многія грамадзяне асцерагаюцца, што вакцынацыя ўзмацніць уплыў Кітая ў краіне, якая і так ад яго моцна залежыць эканамічна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру