Фота cfncm.org

Фота cfncm.org

У адной з рэгіянальных служб хуткай дапамогі Брытаніі ўпершыню выкарысталі робатаў-парамедыкаў для непрамога масажу сэрца. Новая тэхналогія дасць медыкам магчымасць надзяліць больш увагі іншым аспектам сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.

Пратэсціраваць робаты пад назвай LUCAS 3 вырашыла Паўднёва-цэнтральная служба хуткай дапамогі, якая абслугоўвае англійскія графствы Беркшыр, Бакінгемшыр, Оксфардшыр і Хэмпшыр. 28 робатаў былі перададзеныя брыгадам парамедыкаў з гэтых графстваў, піша Daily Mail.

LUCAS 3 — гэта механічная сістэма, якая можа выконваць якасны непрамы масаж сэрца без спынення ад моманту, калі брыгада парамедыкаў пачынае працаваць з пацыентам, да яго прыезду ў шпіталь. У сітуацыі, калі чалавек страціў прытомнасць і не дыхае, такі масаж выключна важны для забеспячэння ўсяго арганізма кроўю і кіслародам.

Кошт аднаго робата — амаль $17 тысяч, але пры гэтым LUCAS 3 здольны значна палегчыць працэс рэанімацыі. Калі медыкі робяць масаж сэрца ўручную, яны могуць стаміцца, што паўплывае на якасць масажу. Часам пацыентаў трэба перамяшчаць з месцаў, дзе масаж рабіць нязручна, або рабіць ім масаж падчас перавозкі пацыентаў у шпіталь на высокай хуткасці. Робат дазволіць зрабіць масаж больш бяспечным і якасным, а медыкі атрымаюць магчымасць заняцца іншымі аспектамі рэанімацыі пацыента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0