Пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой у СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах забаронена.

У прыватнасці, уводзіцца забарона на размяшчэнне вынікаў апытанняў грамадскага меркавання, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі, праведзеных без атрымання неабходнай акрэдытацыі. Таксама не дапускаецца размяшчэнне гіперспасылак на паведамленні і матэрыялы, што змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой забаронена.

Генеральнаму пракурору, пракурорам абласцей, горада Мінска прадастаўляецца права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, праз якія распаўсюджваюцца звесткі, што накіраваны на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці або змяшчаюць заклікі да такой дзейнасці, а таксама іншая інфармацыя, распаўсюджванне якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

Выпадкі абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і спынення выпуску СМІ дапаўняюцца такой акалічнасцю, як прыняцце Міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы рашэння аб наяўнасці інфармацыйных паведамленняў, распаўсюджванне якіх можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

Устанаўліваецца, што разам з рашэннем суда выпуск СМІ можа быць спынены рашэннем Мінінфарма (напрыклад, у выпадку вынясення юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, або заснавальніку СМІ, або ўладальніку сеткавага выдання двух і больш пісьмовых папярэджанняў).

Прадугледжваюцца меры, накіраваныя на мінімізацыю замежнага ўплыву на беларускі інфармацыйны рынак. Так, незалежна ад часу стварэння СМІ, іх заснавальнікамі не могуць выступаць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама юрыдычныя асобы з замежным удзелам.

Уводзіцца магчымасць пазбаўлення акрэдытацыі журналіста СМІ, калі ім або юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, парушаны ўстаноўлены парадак акрэдытацыі, або распаўсюджаны звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і знеслаўляюць дзелавую рэпутацыю арганізацыі, якая акрэдытавала журналіста, або ўчынена наўмыснае проціпраўнае дзеянне ў працэсе прафесійнай дзейнасці.

Замацоўваецца магчымасць абмежавання доступу да копіі інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога раней быў абмежаваны.

Асноўныя палажэнні закона ўступаюць у сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0