Калі беларускія авіядыспетчары загадалі экіпажу рэйса Ryanair змяніць кірунак і прызямліцца ў Мінску, бо быццам бы існавала пагроза выбуху, самалёт быў бліжэй да Вільні. Але Ryanair быў у паветранай прасторы Беларусі. Кіраўнік Ryanair Майкл О’Ліры назваў гэты інцыдэнт «пірацтвам, якое фінансуе дзяржава».

Калі заключаліся дамовы пасля Другой сусветнай вайны, што стварылі міжнародную гандлёвую сістэму, авіяцыя і суднаходства былі выключаныя з іх — у першую чаргу таму, што пасляваенная Вялікабрытанія асцерагалася высокай канкурэнцыі з боку амерыканскіх авіякампаній на маршрутах яе калоній. У выніку краіны атрымалі «поўны і выключны суверэнітэт» над небам над іх тэрыторыямі. Гэта было зафіксавана ў Чыкагскай канвенцыі 1944 года, якая заснавала Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі.

Без заключэння адмысловых пагадненняў авіякампаніі, якія ажыццяўляюць рэгулярныя пасажырскія пералёты, не маюць права лётаць над замежнай тэрыторыяй. Беларусь мае двухбаковыя пагадненні з еўрапейскімі краінамі, якія дазваляюць авіякампаніям выкарыстоўваць беларускую паветраную прастору і аэрапорт. Верагодна, у выніку інцыдэнту былі парушаныя пагадненні з Польшчай, дзе зарэгістраваны самалёт Ryanair, або з Ірландыяй, дзе знаходзіцца штаб-кватэра авіякампаніі.

Больш за тое, хоць самалёты ў палёце па законе вымушаныя прытрымлівацца інструкцый авіядыспетчараў, Чыкагская канвенцыя забараняе любое выкарыстанне цывільнай авіяцыі, калі гэта пагражае бяспецы палётаў. Прымушэнне самалёта адхіліцца ад вызначанага маршруту і прызямліцца па выдуманай прычыне трапляе пад гэту забарону.

Да таго ж папраўка да канвенцыі 1984 года забараняе прымяненне зброі супраць цывільных самалётаў у палёце.

Таксама ёсць пытанні, ці былі парушаныя правілы канвенцыі, калі самалёт, дзе быццам бы знаходзіліся выбуховыя рэчывы, накіравалі ў Мінск, а не Вільню, да якой было значна бліжэй. Акрамя гэтага, перахоп пасажырскага самалёта вайсковым мусіць ажыццяўляцца толькі ў крайніх выпадках. Чарльз Стотлер з Цэнтра паветранага і касмічнага права Універсітэта Місісіпі сцвярджае, што складана разабрацца, ці можна лічыць гэту сітуацыю менавіта такім выпадкам.

Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай дамоў, падпісаных на пачатку 1970-х гадоў амаль усімі сябрамі ААН. Згодна з гэтымі дамовамі, забараняецца захоп грамадзянскіх самалётаў падчас палёту, а таксама перадача «загадзя лжывай інфармацыі», якая пагражае бяспецы паветранага судна.

Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі ўжо адзначыла, што Беларусь магла парушыць Чыкагскую канвенцыю, таму заклікае правесці паўнавартаснае расследаванне. Аднак справа ў тым, што гэта арганізацыя не з’яўляецца рэгулюючым органам, які б мог уводзіць адпаведныя санкцыі супраць парушальнікаў. Што датычыцца пагадненняў з Польшчай і Ірландыяй, то краіны не могуць самастойна распачынаць рашучыя дзеянні, бо пагадненні двухбаковыя. Дамовы 1970-х гадоў таксама не маюць асаблівага значэння, бо яны ўсяго толькі абавязваюць удзельнікаў самастойна сачыць за іх выкананнем.

Таму інцыдэнт з Ryanair выяўляе значныя хібы ў міжнародным авіяцыйным праве, якое не рэгулюе акты паветранага пірацтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0