Фота: belavia.by
Куды яшчэ лётае «Белавія»?
Па стане на 27 мая даступнымі лічыліся кірункі ў Ізраіль, на Кіпр, у Сербію, Венгрыю і Малдову. Адкрытым для вылетаў застаецца расійскі кірунак і агулам «усход».
Што з чартарамі проста зараз?
Пакуль усе чартарныя рэйсы (у тым ліку сённяшнія), якія ў нас абслугоўвае выключна «Белавія», былі выкананыя без праблем. Усе вылеты, нават у папулярныя ў беларусаў сёлета Албанію і Чарнагорыю, прайшлі спакойна.
Спецыяліст па чартарах расказаў «Нашай Ніве», што і маршрут у Турцыю праз Украіну застаўся ранейшым, мяняць пакуль нічога не прыйшлося. У штатным рэжыме самалёты адпраўляюцца і ў папулярныя Туніс, Егіпет.
«Калі нас і чакаюць праблемы, то, вядома, у першую чаргу на еўрапейскіх кірунках. Самымі «стабільнымі» на найбліжэйшую будучыню выглядаюць варыянты адпачынку ў ААЭ, Грузіі і на Мальдзівах. Але пакуль усе нашы вылеты ў прынцыпе ідуць па праграме, без нейкіх змяненняў», — пракаментавалі нам адразу з некалькіх турыстычных кампаніях.
Што турыстычныя кампаніі плануюць рабіць у выпадку форс-мажораў?
Усе адзначаюць, што ў дадзенай сітуацыі прыходзіцца жыць адным днём, але ў выпадку яшчэ большай паветранай ізаляцыі кампаніі згадаюць інструкцыі з мінулага года, калі шмат якія краіны зачыніліся для турыстаў праз каранавірус.
«Летась мы прапаноўвалі кліентам пакідаць дэпазіт і захоўваць грошы да лепшых часоў. Таксама рэальная замена «забароненай» краіны на іншую, даступную для вылетаў. Ну, і ніхто не адмяняў страхоўку ад нявылетаў і вяртанне грошай за тур — шляхі вырашэння праблемы будуць абірацца ў індывідуальным парадку».
Ці магчыма «дакупіць» вылет з Расіі, калі прыйдзецца?
Нават калі для «Белавіі» закрыюць усе заходнія кірункі, застаецца варыянт вылетаў з Масквы. Але на гэты момант Масква як стартавы пункт не разглядаецца.
«Мы б хацелі даць грамадзянам больш інфармацыі, але пакуль, як і звычайныя людзі, увесь час маніторым навіны і чакаем новай інфармацыі. Сітуацыя можа кардынальна змяніцца ўжо заўтра. Але мы верым, што менавіта чартары санкцыі ЕС не закрануць: гэта нікому не выгадна», — каментуе прадстаўнік аднаго з буйных беларускіх кансалідатараў чартарных рэйсаў.
Ад больш разгорнутых каментароў у беларускіх кампаніях пакуль што адмаўляюцца.
UPD: 28 мая пасля таго, як Украіна афіцыйна анансавала, што таксама закрывае паветраную прастору для самалётаў Беларусі з 29 мая, аператары паведамілі пра спыненне продажаў тураў у Балгарыю, Чарнагорыю і Албанію.
«Мы будзем працаваць над альтэрнатыўнымі маршрутамі ці прапаноўваць замену накірункаў усім, хто ўжо набыў туры ў гэтыя краіны», — дадаў адзін з перавозчыкаў.





