Дзмітрыю Гопту — 21 год, ён мае псіхічнае захворванне, звязанае са значным парушэннем паводзін, якое патрабуе догляду і лячэння, з-за гэтага мае разумовую адсталасць. Тым не менш суд Жлобінскага раёна асудзіў яго адразу па двух артыкулах КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

26 мая Вольга Гопта ўбачылася з сынам у Віцьбе.

Першае ўражанне маці: Дзмітрый выглядае больш дарослым чым раней, больш сур’ёзным. Тым не меней, пры размове час ад часу на твары сына праступаюць слёзы. Ён дагэтуль не можа зразумець, чаму ён патрапіў у зняволенне.

«Мама, мне вельмі сорамна, што я тут. Я не разумею, за што я тут сяджу».

— Сын распавядаў, што самым цяжкім і страшным для яго быў этап. У вагоне перавозілі ўвесь час у кайданках, рукі скаваныя за спінай, а перад пасадкай у аўтазак ён быў апрануў куртку. У аўтазаку было душна і горача, аднак з-за кайданкоў ахоўнікі забаранілі яму распрануцца. Дзіма кажа, што нават кіраўніцтва калоніі само не разумее, як ён мог патрапіць сюды, — распавядае маці пра свае ўражанні ад сустрэчы з сынам.

Дзмітрый таксама расказаў, што ў СІЗА яму лістоў не аддавалі, а калі пераводзілі ў калонію — аддалі цэлы пачак лістоў.

Яшчэ ў СІЗА яму прыслалі бандэроллю ў падарунак маленькага цацачнага мядзведзіка. Пра гэта толькі сказалі, але сам падарунак не перадалі. Толькі калі прыбыў у калонію, змог атрымаць мядзведзіка.

На спатканні ён, плачучы, пытаўся ў маці, ці сапраўды яна яго не любіць і ён нікому не патрэбны.

«Відаць, ён не разумее, што яго падтрымліваем усе мы. Магчыма, там інфармацыйны вакуум і сын не ведае, што робіцца на волі,» — распавядае Вольга.

Таксама маці распавяла, што ў калоніі Дзмітрый працуе на швейнай вытворчасці, абразае ніткі. Праца ў дзве змены, таму часам сын пакуль не высыпаецца.

Адрас: папраўчая калонія №3, 211 322, Віцебская вобласць, г. п. Віцьба.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
4