Галіну затрымалі 9 мая на плошчы Перамогі, куды яна прыйшла з партрэтам бацькі-ветэрана, каб ушанаваць яго памяць. Асудзілі па двух артыкулах КоАП: дробнае хуліганства (артыкул 17.1) і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (артыкул 23.4).

«Насамрэч я чакала новага затрымання, — расказвае Галіна. — Пасля майго апошняга вызвалення з сутак да мяне дадому пастаянна наведваліся супрацоўнікі міліцыі, распытвалі суседзяў, дзе я. Але я спецыяльна не з'яўлялася дома. А 9 Мая вырашыла пайсці на плошчу Перамогі».

Галіна Лагацкая.

Галіна Лагацкая.

Галіна расказвае, што на плошчы Перамогі яе акружылі мужчыны ў цывільным, прапанаваўшы прайсці «пагаварыць». Жанчына адмовілася і паспрабавала прайсці скрозь іх, але яе ўзялі пад рукі і павялі ў спецтранспарт.

У Партызанскім РУУС жанчына прабыла каля трох гадзін. З пратаколамі ёй азнаёміцца не далі. Ужо на судзе яна даведалася, у чым яе «віна».

«А я ўвогуле мацюкі не ўжываю, цярпець іх не магу, і ўсім заўвагі раблю, хто мацюкаецца. А тут я «мацюкалася ў грамадскім месцы». Ну смеху варта: пенсіянерка выйшла з партрэтам бацькі-ветэрана на плошчу Перамогі, каб памацюкацца і пахуліганіць на 9 Мая».

Суд над жанчынай прайшоў на наступны ж дзень па скайпе. Калі яна пачула прысуд — 20 сутак, адразу пачала патрабаваць паперу на напісанне скаргі і абскарджвання.

«Я закаціла натуральную істэрыку: сказала, што нікуды не пайду, пакуль мне не прынясуць паперу. Мяне запіхвалі ў камеру сілай. Калі я ўбачыла, што гэта ўжо не камера, а натуральны карцар, пачала ўпірацца больш за ранейшае. Супрацоўнікам прыйшлося клікаць на дапамогу трэцяга, каб мяне туды запхнуць». 

У камеры-карцары з адзіным ложкам, які нават на ноч не раскладаўся, Галіна была яшчэ з чатырма жанчынамі. Адной з іх была «бамжыха Ала», ад якой усе хутка панабраліся вошай. 

«Мы з ёй жылі тры дні, спалі на плітцы. Дзяўчаты спрабавалі адна адной вошы даставаць, а я неяк адразу змірылася: ты іх не пазбавішся проста так. Тым больш мыцца усе 20 сутак мяне не вадзілі. Была пазбаўленая я і шпацыроў», — працягвае апісваць свае катаванні Галіна.

Пасля трох сутак у карцары Галіну перавялі ў двухмясцовую камеру, дзе агулам у пікавы момант утрымлівалася 15 чалавек. У тым ліку журналістка Tut.by Люба Каспяровіч. Галіна пацвярджае: штоноч іх будзілі па некалькі разоў для «пераклічкі», не даючы спаць.

«Амаль нікому перадачы не даходзілі. Мне пашанцавала: дайшла адна, але супрацоўнікі сказалі з’есці ўсё за дзень. Усё, што засталося, выкінулі ў сметніцу. Мы аб’явілі галадоўку, каб з нас перасталі здзекавацца і выдалі хаця б матрацы, але замест гэтага нас проста расфарміравалі. Мяне, напрыклад, перавезлі ў Баранавічы».

Першыя з дзесяці начэй у Баранавічах Галіна згадвае, як спакайнейшыя. Але пасля і там асуджаных пачалі будзіць па начах.

«Відаць, прыйшоў загад, — выказвае здагадку Галіна. — Але там хаця б выдавалі матрацы».

Для Галіны гэта не першае абмежаванне волі. У лютым яе затрымалі на 15 сутак пасля суда над журналісткамі «Белсата» Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай: запрасілі на прафілактычную гутарку ў РУУС і больш не выпусцілі, склаўшы пратакол за «непадпарадкаванне».

У верасні ж яна адсядзела 7 сутак, трапіўшы за краты нібыта за ўдзел у пікеце каля Чырвонага касцёла (дарэчы, пасля вызвалення жанчына змагла аспрэчыць гэты прысуд у Мінскім гарадскім судзе). Яшчэ на 15 сутак яе арыштоўвалі за ўдзел у першым маршы пенсіянераў. А ў чэрвені яна атрымала 1215 рублёў штрафу за пікет на Камароўцы. Да 2020 года Галіну неаднаразова затрымлівалі падчас правядзення маршаў прадпрымальнікаў і «недармаедаў».

Пры гэтым менавіта гэтую адседку жанчына апісвае як самую жорсткую і бесчалавечную.

«Гэта натуральныя катаванні. Ладна я ўжо пажыла — 60 год, ужо і паміраць можна, але як моладзі? Дзяўчаткі маладыя, якім яшчэ нараджаць, а іх на халоднай падлозе спаць прымушаюць. Праз гэта ўсё ў мяне ўжо неўроз. Мой бацька, думаю, пераварочваецца ў труне ад усяго гэтага: ён перамагаў фашызм, а ён набыў новыя формы».

Нягледзячы на ўсё гэта і на вошы, якіх усё яшчэ не ўдалося вытравіць, жанчына здавацца не збіраецца:

«Буду хадзіць на суды, дапамагаць звычайным людзям юрыдычна. Буду пісаць скаргі на катаванні ў турмах, завітваць на прыёмы да чыноўнікаў. Усё ж самым складаным у камеры было сядзець без справы — у нас жа нават кніжкі адабралі. Столькі ўсяго можна было зрабіць на волі за гэты час!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?