Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

У 2008 годзе Аляксей Мілер, кіраўнік «Газпрома», заявіў, што праз 7-8 гадоў капіталізацыя кампаніі дасягне 1 трыльёна даляраў. На той момант капіталізацыя «Газпрома» складала $360 мільярдаў — гэта была трэцяя па велічыні кампанія ў свеце па капіталізацыі. (Капіталізацыя — колькасць выпушчаных акцый, памножаная на кошт адной акцыі, які склаўся на біржы.) Для параўнання: у 2008 годзе капіталізацыя Microsoft складала $263 мільярды, Google — $170 мільярдаў, Apple — $155 мільярдаў, Amazon — $33 мільярды.

Капіталізацыя адной з найбуйнейшых у свеце нафтавых кампаній BP складала $145 мільярдаў, а нарвежскай Statoil — каля $100 мільярдаў.

«Газпром» з расійскай кампаніі з даччынымі прадпрыемствамі за мяжой ператвараецца ў глабальную карпарацыю з расійскімі каранямі», — адзначыў Мілер у чэрвені 2008 года падчас Еўрапейскага кангрэса. У 2008 годзе назіраўся рэзкі рост цэн на нафту і газ, што паспрыяла тагачаснаму поспеху кампаніі.

Аднак да 2021 года капіталізацыя «Газпром» зменшылася ў чатыры разы — цяпер яна складае $90 мільярдаў. Эксперты звязваюць гэта з нежаданнем інвестараў укладваць грошы у расійскую кампанію, якая час ад часу трапляе пад санкцыі Захаду і ЗША.

Больш за тое, за 2020 год гадавы прыбытак кампаніі ўпаў амаль у 9 разоў — з 1,2 трыльёна да 135,3 мільярда, як сведчыць дакументацыя кампаніі. «Газпром» звязвае гэта са зніжэннем курса расійскай валюты і падзеннем цэн на газ і нафту.

У той час кампаніямі, капіталізацыя якіх перавысіла 1 трыльён даляраў, сталі Apple — $2102 мільярды, Microsoft — $1914 мільярдаў, Google — $1652 мільярды, Amazon — $1613 мільярдаў. Сусветным нафтавым лідарам застаецца Saudi Aramco, якая цяпер займае трэцяе месца па велічыні капіталізацыі ў свеце ($1885 мільярдаў). Нафтавы гігант з Саудаўскай Аравіі ўпершыню за 30 гадоў раскрыў свае фінансавыя паказальнікі ў 2019 годзе.

Капіталізацыя BP на чэрвень 2021 — $92 мільярды, Statoil — $75 мільярдаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0