Ціханоўскі быў ня згодны з тым, што падатковая хацела спагнаць зь яго падвышаны падатак за 900 тысяч даляраў, якія знайшлі сьледчыя на ягоным лецішчы падчас ператрусу 3-4 чэрвеня 2020 году.

«Рашэньне не на нашу карысьць. Пачакаем матывіровачную частку і будзем яго абскарджваць», — паведаміла адвакатка Натальля Мацкевіч.

Гэта значыць, што падатковая будзе спаганяць зь Сяргея Ціханоўскага амаль 258 тысяч беларускіх рублёў.

Судовае паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме — па хадайніцтве падатковай інспэкцыі, якая выступала ў якасьці адказчыка. Прадстаўнікі падатковай інспэкцыі спасылаліся на тое, што «сілы, сродкі, мэтады і спосабы працы падатковай зьяўляюцца таямніцай, якая ахоўваецца законам». Акрамя таго, «у справе ёсьць інфармацыя аб маёмасным становішчы Сяргея Ціханоўскага, якое зьяўляецца падатковай таямніцай».

Падатковая інспэкцыя палічыла, што ў Ціханоўскага праз знойдзеныя за канапай 900 тысяч даляраў выйшла перавышэньне даходаў над выдаткамі ў суме 1 млн 612 тысяч рублёў. Яму налічылі амаль 258 тыс. рублёў падатку. Блогер пісаў у скарзе, што гэта не ягоныя грошы, ён ня ведае аб іх паходжаньні, ня мог іх расходаваць, бо знаходзіўся і дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА.

Ціханоўскі пад вартай з 29 траўня 2020 году — калі яго затрымалі ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэньне ягонай жонкі Сьвятланы кандыдатам у прэзыдэнты. Блогеру інкрымінаваныя: арганізацыя масавых беспарадкаў у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу); распаўсюджваньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК); пагрозы на адрас старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзіі Ярмошынай (ч. 2 арт. 191 КК); арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаюцца з ужываньнем гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Абвінавачаньне палічыла, што «ад дзеяньняў Ціханоўскага і астатніх абвінавачаных» дзяржаве была нанесена шкода ў памеры больш як 3 мільёны рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?