Фота pixabay.com.

Фота pixabay.com.

Калі чалавек упершыню чуе запіс уласнага голасу, гэта можа аказацца для яго незвычайным і нават непрыемным вопытам. Тыя характарыстыкі свайго голасу, да якіх мы прызвычайваемся падчас жыцця, чамусьці не супадаюць з тымі якасцямі нашага голасу, якім мы яго чуем на запісы. Некаторым нават цяжка паверыць, што гэта сапраўды іх голас.

Такі дыскамфорт можа быць звязаны як с фізіялагічнымі, так і з псіхалагічнымі прычынамі, тлумачыць CNN.

Калі казаць пра фізіялогію, гук ад аўдыязапісу перадаецца ў мозг іншым чынам, чым гук ад нашага ўласнага маўлення. У выпадку з запісам гук праходзіць праз паветра і трапляе ў вушы. Гукавая энергія прымушае вібрыраваць барабанную перапонку і маленькія слыхавыя костачкі. Гэтыя костачкі перадаюць вібрацыю вушной улітцы, якая стымулюе нервовыя валокны, што дасылаюць гукавыя сігналы да мозга.

Аднак гук ад уласнага маўлення дасягае ўнутранага вуха па-іншаму. Частка гука таксама праходзіць праз паветра, але ўсё ж большасць яго перадаецца праз косткі чэрапа, што прымушае голас гучаць больш нізка.

Вось чаму людзям уласны голас здаецца больш глыбокім і багатым. Калі ж яны чуюць яго ў запісы, голас можа гучаць больш высока, што здаецца некаторым непрыемным.

Ёсць яшчэ адна прычына таго, чаму нам можа не падабацца сапраўднае гучанне ўласнага голасу. Яна звязаная з псіхалогіяй: мы адчуваем такі голас як сапраўды нешта новае, тое, што выкрывае розніцу паміж нашым адчуваннем сябе і рэальнасцю. Гэта не значыць, што наш сапраўдны голас горшы за тое, як мы сабе яго ўяўлялі, проста нам нязвыкла яго чуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0