Усе фота: Instagram Анны Левандоўскай.

Усе фота: Instagram Анны Левандоўскай.

У Роберта Левандоўскага — безумоўна, найлепшага польскага гульца апошніх часоў — не ўсё атрымліваецца ў гульнях за зборную. Тым больш значным стаў для гульца «Баварыі» мяч, які ён, Левандоўскі, забіў за каманду ў суботняй гульні з Іспаніяй. Гол Роберта на 54 хвіліне гульні выратаваў для палякаў нічыю і захаваў для каманды шансы на выхад у плэй-оф турніра.

Але сёння гаворка пойдзе не пра Роберта, а пра яго выбітную жонку — Анну Левандоўскую. Па звестках, менавіта яна стаіць за поспехам зорнага футбаліста, уладальніка шматлікіх узнагарод і аднаго з найлепшых нападаючых свету.

Анна — прафесійная каратыстка, уладальніца шматлікіх медалёў на чэмпіянатах сваёй краіны, першынствах Еўропы і свету. Яна скончыла варшаўскую Акадэмію фізічнай адукацыі, дзе і пазнаёмілася ў 2007 годзе з Робертам. Левандоўскі ў той час гуляў за невялікі польскі клуб «Зніч», які ўсё ніяк не мог замацавацца ў другой лізе польскага футбола.

Анна і Роберт ажаніліся ў 2013 годзе, у іх дзве дачкі: чатырохгадовая Клара і аднагадовая Лаўра. Іх сям’ю ў Польшчы лічаць узорнай, бо цяжка знайсці звесткі пра нейкія скандалы з удзелам Левандоўскіх.

Больш за тое, Анна і Роберт актыўна ахвяруюць грошы на дабрачыннасць. Напрыклад, у жніўні 2018 года Левандоўскія сабралі для Дзіцячага мемарыяльнага інстытута здароўя ў Варшаве больш за 150 тысяч злотых, а ў сакавіку мінулага года яны пералічылі мільён еўра на барацьбу з кавідам.

Сама Анна таксама часам карыстаецца магчымасцямі сацсетак, каб прыцягнуць увагу для дабрачынных ініцыятыў. Да яе прыслухоўваюцца, бо Левандоўская — не проста жонка вядомага футбаліста, але і вядомая трэнерка і дыетолаг. Яшчэ ў 2012 годзе Анна абараніла дысертацыю па тэме харчавання. Атрымаўшы дыплом дыетолага, дзяўчына запусціла ўласны блог Healthy Plan by Ann з парадамі па харчаванні і трэніроўках.

Зараз у Левандоўскай ужо некалькі бізнэсаў: біядадаткі, натуральныя харчовыя прадукты, лінія касметыкі, гатовае дыетычнае харчаванне. Напэўна, яе галоўны праект — мабільны дадатак Diet and Training by Ann з планамі трэніровак і правільнага харчавання, у якога ўжо больш за два мільёны карыстальнікаў. А таксама больш за тры мільёны падпісчыкаў у сетцы Інстаграм, дзе існуюць нават фан-клубы галоўнай спартовай сям’і Польшчы.

Вядома, што Роберт Левандоўскі — ледзьве не галоўны кліент сваёй зорнай жонкі-трэнеркі. Напрыклад, дзякуючы сумесным заняткам каратэ Роберт здолеў цудоўна адпрацаваць гульню верхняй часткай цела, што дапамагае яму выйграваць барацьбу за верхавыя мячы.

Анна прыдумала для мужа натуральны ізатанічны напой — як сцвярджаюць, ён надае сілы. Рэцэпт адносна просты: чатыры сталовыя лыжкі мёду, 300 мілілітраў какосавай вады, 600 мілілітраў простай вады, сок аднаго лайма і чайная лыжка марской солі. Спадарыня Левандоўская таксама дапамагла распрацаваць для мужа вельмі строгую дыету. Роберт не ўжывае каровінае і соевае малако, алкаголь і прадукты, у складзе якіх ёсць мука, ён значна скараціў ужыванне цукру і высокакаларыйнай ежы.

У сацсетках Анны хапае фота з сумесных трэніровак у трэнажорнай залі разам з Робертам. Часам футбаліст нават удзельнічае ў адкрытых трэніроўках, якія Анна ладзіць праз Інтэрнэт. Трэнерка сочыць за тым, каб яе муж добра высыпаўся, бо гэта дапамагае спартоўцу аднаўляцца пасля нагрузак, і таму, як пішуць, у іх спальні заўсёды ідэальная цемра.

Вось такі прыклад падтрымкі ад зорнай польскай сям’і.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?