Скрыншот з відэа «СБ. Беларусь сегодня»

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч чакала, што сваякам не дадуць прысутнічаць.

«Працэс закрыты, таму я паспрабавала дзейнічаць іншым спосабам — папрасіла Мікалая, каб ён заявіў мяне ў якасці абаронцы на судзе. Закон дазваляе камусьці з блізкіх сваякоў стаць абаронцам — рашэнне прымаецца на разгляд суддзі. Сёння Мікалай павінен быў заявіць пра гэта».

Дзяржаўныя прэса і тэлебачанне, хутчэй за ўсё, прысутнічалі ў памяшканні да пачатку працэсу, бо пасля ўсе выйшлі з СІЗА.

«Людзей на падыходах разганялі. Кожнага, хто проста па вуліцы хацеў прайсці, пераймалі людзі ў цывільнай форме адзення. Аднаго нашага таварыша — Аляксея Кірэева — затрымалі, завезлі ў РУУС, чакаем, што далей.

Я вельмі ўдзячна дыпламатам. Нягледзячы на амаль поўную безнадзейнасць таго, што іх могуць дапусціць, яны ўсё ж такі прыехалі, каб падтрымаць і сказаць, што Еўрасаюз настойвае на вызваленні палітвязняў і будзе за гэта змагацца», — дадала Марына. 

Мужа яна бачыла сёння толькі на відэа дзяржаўных СМІ.

«Мяркуючы па іх, Мікола ў сваім заўсёдным спакойным баявым настроі. Ён адразу павітаўся выгукам «Жыве Беларусь!», нягледзячы на тое, што там знаходзіліся людзі, якія яўна не з’яўляюцца яго прыхільнікамі. Мікола трымаецца ўпэўнена, у мяне няма падстаў думаць, што ён нейкім чынам памяняўся сам, памяняў сваё стаўленне да таго, што адбываецца.

У мяне настрой засяроджаны, крышачку злобны, таму што колькі гэта можа працягвацца? Вы ж бачыце, што ідзе разгортванне спіралі, якая нагадвае 1930-я гады, калі ўжо машына мусіць раскручвацца далей — ні дня без арышту, ні дня без судоў. Таму я проста назіраю за тым, што адбываецца, фіксую і раблю свае высновы».

Жонка Ігара Лосіка Дар’я таксама прыехала ранкам у Гомель.

Дар'я Лосік разам з еўрапейскімі дыпламатамі

«Калі я стаяла насупраць СІЗА і адвакатаў пачалі запускаць, падышоў мужчына ў цывільнай форме і кажа: пакажыце тэлефон. Кажу: прадстаўцеся. Ён настойвае: пакажыце тэлефон, тады прадстаўлюся. Пытаюся, навошта яму мой тэлефон. «Здымаць нельга, будзеце здымаць — мы вас забяром». Кажу: дык забірайце проста зараз», — распавяла яна.

Яна кажа, што дзяржаўныя СМІ спрабавалі ўзяць каментары ў яе і дыпламатаў, але яны не звярталі ўвагі на тэлевізійшчыкаў. Тым, што на пасяджэнне не пусцілі сваякоў, але дазволілі зайсці прапагандыстам, яна абураная.

«Гэта двайныя стандарты. Калі суд закрыты, то ён закрыты для ўсіх. Гэта такі метад паднесці сваіх апанентаў у дрэнным святле. Прадстаўнікі дзяжСМІ могуць запісаць і нагаварыць што заўгодна, і падсудныя ім, натуральна, не адкажуць».

У аўторак, 22 чэрвеня, калі Ігара Лосіка наведваў адвакат, палітвязень быў у жудасным настроі.

«Чаму? Ігар заўсёды паўтарае: я вывучыў усе матэрыялы справы ад пачатку да канца і доказаў сваёй віны не знайшоў, таму мяне злуе і раздражняе, што я ўжо цэлы год знаходжуся за кратамі. Або рабіце адкрыты суд, або выпускайце».

Журналістка «СБ» Людміла Гладкая ўжо паспяшалася пакпіць: «Лосік, адразу скажу, есць (гэта на той выпадак, калі яго жонка завядзе старую песню пра галадоўку)».

«Я бачыла відэа з ім, — кажа Дар'я. — Ён выдатна выглядае?! Так, ён есць, галадоўку не аб’яўляў. Але выглядае ён жудасна. Бледны, зялёны — я крыху засмуцілася.

Іх заводзяць, скруціўшы рукі за спіну, як асабліва небяспечных злачынцаў, якія забівалі, гвалтавалі і прадавалі наркотыкі. Гэта той жа метад абесчалавечвання апанента — вось, маўляў, паглядзіце: яны страшныя, небяспечныя, таму з імі гэта ўсё і адбываецца.

Гэта будзе судзілішча, фарс. Добрых чаканняў у мяне няма. Мы ўсе бачым, якія прысуды даюцца, — нават таму ж Віктару Бабарыку запрасілі 15 гадоў. На мяккі прысуд я не разлічваю. Гэта будзе, хутчэй за ўсё, штосьці накшталт паказальнай кары. На жаль, у мяне такія прагнозы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0