Справу Пятруковіч 25 чэрвеня разглядзела суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль. Згодна з пратаколам, жанчына «падчас прафілактычнай гутаркі гучна крычала, размахвала рукамі, нецэнзурна лаялася, ускоквала з крэсла, на зробленую заўвагу спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагавала». Таццяна скрозь слёзы гэта адмаўляе, бо нават «ніколі ў жыцці не лаялася».

«Я знаходзілася ў РУУСе, куды мяне прывезлі на прафілактычную гутарку, і гэта немагчыма, каб я мацюкалася або ўскоквала, бо адзінае, што я рабіла, — плакала. Пратакол не складалі, а выдалі толькі папярэджанне, што гутарка ўжо адбылася, у якой я распісалася, і тады яна пачалася», — тлумачыла Тяццяна суддзі.

Падчас гутаркі міліцыянты пыталі ў жанчыны, «ці ведае яна палітыку дзяржавы і што такое БЧБ-сцяг». Сведка Іваноў Іван Іванавіч на судзе заявіў, што «ў Пятруковіч з'явіліся дэструктыўныя паводзіны, яна ўставала з крэсла».

З тлумачэння сведкі Іванова:

«Я яе не затрымліваў, а на гутарку яе прывялі іншыя супрацоўнікі. Я пачаў ёй тлумачыць, што яна ўжо прыцягвалася па арт. 23.34 КаАП, а яна пачала крычаць, што не згодная. Пятруковіч мяне перабівала, павышала тон, дэструктыўна паводзіла сябе і была недастаткова ветлівая. Відэарэгістратара пры сабе не было, бо ён ляжаў у машыне. Прафілактычная гутарка была сарваная, таму я не паспеў запоўніць пратакол. У мяне рыбіна памяць, таму я не запомніў, ва што Пятруковіч была апранутая, і не ведаю, які ў яе рост, бо лінейкі з сабою не было».

Таксама Таццяна заявіла, што пратакол не чытала, бо ёй не далі акуляры, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы.

Суддзя Мотыль палічыла віну Таццяны цалкам даказанай, таму пакарала яе 15-сутачным арыштам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру