Ідэя добраўпарадкаваць тэрыторыю акадэмічнага гарадка з’явілася яшчэ ў 2015-м.
Планавалася, што ад агароджы да Цэнтральнай навуковай бібліятэкі (знаходзіцца побач з галоўным будынкам Акадэміі навук) будзе ісці Алея славы беларускай навукі, уздоўж якой будуць стаяць бюсты вядомых навукоўцаў. У цэнтры алеі з’явіцца бронзавая кампазіцыя «Залатое кола беларускай навукі», на якой размесцяць фігуры Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага і іншых.
У план мерапрыемстваў Акадэміі навук гэтая ідэя трапіла толькі ў 2017-м. Праект распрацавала архітэктурна-інавацыйнае бюро БНТУ пад кіраўніцтвам Армена Сардарава — дэкана архітэктурнага факультэта гэтай ВНУ.
Сардараў і архітэктар Таццяна Башарымава так абгрунтавалі сваё рашэнне:
сквер, што існуе каля бібліятэкі, «не мае завершанага і выражанага планіровачнага вырашэння і ўяўляе сабой проста зялёны масіў з пракладзенымі сцежкамі, якія маюць галоўным чынам транзітны характар».
На здымку ніжэй можна ўбачыць, якім аўтары бачаць выгляд сквера.
Фота: bntu.by
На гэты момант у скверы ўсталявана альтанка-ратонда — «Залатое кола беларускай навукі». У гэтым коле размешчаны помнік Скарыну.
Гэта не першы крок па ўпарадкаванні тэрыторыі. Некалькі гадоў таму, у 2018-м, перад будынкам Прэзідыума НАН адкрылі скульптурную кампазіцыю «Пераемнасць беларускай навукі» (аўтары — скульптары Алена Хараберуш і Леанард Пакульніцкі, архітэктар Армен Сардараў).
Цікава, што помнік Скарыну — ужо пяты ў Мінску.
Першы з’явіўся ва ўнутраным дворыку БДУ, другі — ля будынка Нацыянальнай бібліятэкі.
У 1990-я яго планавалі ўсталяваць побач з Акадэміяй навук, але тагачаснае кіраўніцтва ўстановы адмовілася. Маўляў, помнік будзе псаваць агульны выгляд.
Трэці знаходзіцца ля БДЭУ. Афіцыйна ён прысвечаны ведам, але аўтар паклаў у аснову менавіта Скарыну. Чацвёрты ўсталяваны ў парку Янкі Купалы.