Фота Надзеі Бужан
«Дэльта плюс» — гэта новы варыянт каранавіруса, які ўтварыўся з індыйскага штама «Дэльта». Згодна з папярэднімі высновамі экспертаў, новы штам больш заразны, хутчэй звязваецца з рэцэптарамі клетак лёгкіх і ўстойлівы да манакланальных антыцел, якія ўводзяцца ў вену для нейтралізацыі каранавіруса.
Упершыню пра «Дэльту плюс» паведаміла дзяржаўнае агенцтва аховы здароўя Public Health England у сваім дакладзе 11 чэрвеня. У Вялікабрытаніі знайшлі некалькі выпадкаў заражэння новым штамам у людзей, якія прыехалі з Турцыі і Непала. Даследаванні пасля выявілі, што ў Індыі «Дэльтай плюс» заражаліся яшчэ ў канцы красавіка.
На мінулым тыдні індыйскі ўрад паведаміў, што варыянт «Дэльта плюс» выклікае заклапочанасць. Міністэрства аховы здароўя Індыі заклікае ўзмацніць меры перасцярогі ў тых раёнах, дзе быў выяўлены новы штам.
Індыйскія ўлады дадаюць, што існуюць таксама і іншыя варыянты «Дэльты плюс» з іншымі мутацыямі, але AY.1 — самы вядомы.
«Дэльта плюс» адрозніваецца ад першапачаткова індыйскага штама тым, што мае мутацыю K417N у спайкавым бялку — частцы віруса, якая прымацоўваецца да клетак, што ён заражае. Гэта мутацыя, у сваю чаргу, дапамагае вірусу хутчэй звязацца з клеткамі лёгкіх чалавека, а таксама ўхіляцца ад антыцел.
Падобная мутацыя сустракаецца ў паўднёваафрыканскім і бразільскім варыянтах. Па ацэнках некаторых навукоўцаў, у спалучэнні з асаблівасцямі «Дэльты» варыянт AY.1 можа быць больш заразным і небяспечным.
Галоўны навуковы супрацоўнік СААЗ Сумія Свамітан заявіла, што ў свеце налічваецца ўсяго некалькі дзясяткаў выпадкаў заражэння «Дэльтай плюс». Аднак толькі за 25 чэрвеня ў Індыі колькасць хворых на гэты штам дасягнула 48. А CNN паведамляе, што ўсяго зафіксавана не менш за 200 выпадкаў заражэння ў 11 краінах, сярод якіх ЗША, Вялікабрытанія і Расія.
Занепакоенасць выклікае не толькі той факт, што «Дэльта плюс» больш заразны, але і тое, што супраць яго зніжаецца эфектыўнасць вакцын. Калі гэтыя здагадкі навукоўцаў пацвердзяцца, то пандэмія фактычна распачнецца нанова.
Прафесар Джуліан Танг з Універсітэта Лестэра сцвярджае: «Мутацыя можа сур’ёзна ўзмацніць супраціў віруса вакцынам. Верагодна, што мутацыя K417N разам з мутацыяй L452R, якая адрознівае індыйскі штам, можа зрабіць штам «Дэльта плюс» устойлівым да вакцын».
Індыйскі спецыяліст доктар Чандракант Лахарыя, які працуе ў Нью-Дэлі, перакананы, што ў экспертаў пакуль няма прычын, каб хвалявацца наконт новага варыянта. Па яго словах, адзінае, што дакладна вядома пра «Дэльта плюс» — тое, што гэта ўсё той жа індыйскі штам, але з дадатковай мутацыяй.





