Лідэр АГП Анатоль Лябедзька і ягоны намеснік Яраслаў Раманчук на мінулым тыдні наведалі Маскву. Пра візіт у расійскую сталіцу Лябедзька расказаў у інтэрв’ю «НН».
«Наша Ніва»: Спадар Анатоль, дзеля чаго ездзілі ў Маскву?
Анатоль Лябедзька: Галоўным пунктам нашай праграмы была прэс‑канферэнцыя, якая выклікала вялікую цікавасць. Былі журналісты Reuters, японскіх, канадскіх СМІ, некаторых расійскіх. Наш галоўны месідж — крызіс у беларуска‑расійскіх стасунках стаў заўважны ўсім, і з гэтым трэба нешта рабіць. Патрэбная дыскусія. Доўгі час манаполіяй на гэтае пытанне валодалі Крэмль і мінскі Чырвоны дом. Далей так працягвацца не можа трэба падцягнуць да абмеркавання грамадзянскую супольнасць. Цэнтр Мізэсу, якім кіруе Яраслаў Раманчук, рыхтуе дакумент, што можна было б прапанаваць у беларуска‑расійскіх стасунках. Таксама плануем правесці ў Мінску прадстаўнічы форум, з удзелам як беларускіх, так і расійскіх экспертаў, каб паразмаўляць на гэтыя тэмы.
«НН»: А з кім мелі сустрэчы?
АЛ: Сустракаўся з Уладзімірам Рыжковым, сустаршынём партыі «Правое дело» Леанідам Гозманам, з прадстаўніком руху «Салідарнасць» Іллём Яшыным. Усе яны абяцаюць прыехаць на форум у Мінск. Было інтэрв’ю на радыёстанцыі «Эхо Москвы».
«НН»: А з прадстаўнікамі ўладаў ці праўладных партый сустрэчы былі?
АЛ: Не, не было. Аднак мы вялі размову запрасіць некаторых дэпутатаў Думы на форум у Беларусь.
«НН»: А як Вам увогуле бачацца беларуска‑расійскія стасункі?
АЛ: Трэба прызнаць, што праект саюзнай дзяржавы мёртвы. І адзінае, што застаецца — гэта годна яго пахаваць. Трэба пераходзіць на двухбаковыя партнёрскія стасункі між дзвюма суверэннымі дзяржавамі. Найперш у эканамічнай і гуманітарных галінах. Палітычны чыннік гэтых узаемадачыненняў павінен быць меншым, каб не паўтараліся гэтыя малочныя, мясныя войны.
«НН»: Увогуле візітам задаволеныя?
АЛ: У нас ёсць такое меркаванне, што працаваць у Еўропе ці ЗША значна прасцей і больш прыемна. Расійскі вектар куды больш цяжкі і неадназначны. Тым не менш, мы нікуды ад яго не дзенемся, і нам патрэбна будзе развіваць нармальныя дачыненні. Мне здаецца, што АДС павінна мець дакумент, які б адказваў на пытанні беларуска‑расійскіх адносінаў. Нешта падобнае як мы маем Малую Канстытуцыю і Антыкрызісную платформу.





