У разглядзе справы ўдзельнічаў дзяржаўны абвінаваўца Жук і абаронца Кананчук. Пацярпелы — начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара.

Асуджанаму Ігару Сідаровічу 48 год. Ён мае інваліднасць другой групы.

Сёлета 31 сакавіка суд Маладзечанскага раёна асудзіў Ігара Сідаровіча па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса «Актыўныя дзеянні, што парушаюць грамадскі парадак». Яго разам з пяццю маладзечанцамі судзілі па справе аб перакрыцці Вялікага Гасцінца 21 лістапада з банэрам «Пакуль у краіне беззаконне, супраціўленне — наш доўг». Па выніках гэтага разбіральніцтва Ігар Сідаровіч атрымаў штраф у памеры 140 базавых велічынь, што складае 4060 рублёў. Штраф на момант новага прысуду не выплачаны.

У межах цяперашняга разбіральніцтва яму паставілі ў віну злачынства, прадугледжанае артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса «Абраза прадстаўніка ўлады».

Суд пастанавіў прызнаць вінаватым Ігара Сідаровіча ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем тым службовых абавязкаў пры дапамозе інфармацыі, размешчанай у інтэрнэце. І прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову на 1 год і 6 месяцаў. Суд вырашыў задаволіць грамадзянскі іск пацярпелага Вадзіма Прыгары аб спагнанні матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды з Сідаровіча. Сідаровіч па рашэнні суда павінен выплаціць Прыгары 1500 рублёў. Тэрмін для спагнання ўстанавілі цягам аднаго месяца.

Рэчавыя доказы па справе — чатыры лісты скрыншотаў тэлеграм-групы «Маладзечна для жыцця чат», скрыншоты на сямі старонках з тэлеграм-каналаў «Карнікі Маладзечна» і «Чорная кніга Беларусі», банкаўская картка, шэсць дыскаў, што з’яўляюцца дадаткам пратакола агляду, чатыры дыскі, што з’яўляюцца дадаткам заключэння экспертаў, два дыскі з тэлефоннымі злучэннямі.

Мабільны тэлефон асуджанага канфіскавалі ў даход дзяржавы.

Прыгавор можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0