Кадр з фільма «Звычайны фашызм»

Кадр з фільма «Звычайны фашызм»

У сакавіку гэтага генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што будзе заведзеная крымінальная справа па факце генацыда беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Да таго ж, генпракуратура і парламент падрыхтавалі законапраект, каб супрацьдзеянічаць гераізацыі нацызму.

З таго часу гэты сюжэт працягвае заставацца ў павестцы дня. У красавіку была заведзеная справа, а ў ліпені Швед заявіў, што ў розных краінах свету дагэтуль жыве каля 400 удзельнікаў злачынстваў, які так і не былі пакараныя. Нагадаем, што ацэнку дзеянням нацыстаў, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, даў не толькі вядомы Нюрнбергскі трыбунал, дзе ад СССР былі прадстаўленыя суддзі і пракуроры, але і падобныя працэсы, якія праходзілі ў Мінску і іншых беларускіх гарадах пасля вайны. Нацызм на гэтых працэсах быў адназначна асуджаны.

Тым не менш, у 2021 годзе ў беларускай пракуратуры вырашылі ўсур’ёз вярнуцца да гэтай тэмы. Швед заявіў, што гепракуратура звярнулася да калег з Літвы з просьбай дапытаць у якасці сведкі былога прэзідэнта краіны Валдаса Адамкуса, яму зараз 94 гады. Сярод пытанняў, ці прысягаў Адамкус на вернасць фашысцкаму рэйху, ці ўступаў добраахвотна ў шэрагі карнага літоўскага батальёна СС. Экс-прэзідэнт назваў гэта абсурдам.

Таксама Швед заявіў, што Беларусь панесла больш сур’ёзныя страты падчас вайны, чым меркавалася раней. Таму краіна будзе патрабаваць за гэта кампенсацыі.

Да абмеркавання гэтай тэмы далучыўся і Аляксандр Лукашэнка. На цырымоніі 3-га ліпеня ён заявіў, што яўрэі змаглі даказаць факт Халакосту і цяпер у свеце схіляюцца перад імі. А беларусы, маўляў, талерантныя і добрыя, нікога не хацелі пакрыўдзіць. Па яго словах, трэба даказаць «Халакост беларускага народа».

«Прэтэнзія да нашага пакалення, што мы не змаглі данесці аблудным і іншым за межамі нашай дзяржавы сутнасць нашай перамогі», — заявіў ён.

Міністэрства замежных спраў Ізраіля назвала такія выказванні непрымальнымі.

Наогул у Еўропе існуе практыка крымінальнай адказнасці за адмаўлення фактаў генацыда і апраўданні нацыстаў, напрыклад, у Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Францыі і іншых краін, прычым у заканадаўстве многіх з іх асобна прапісана адказнасць за адмаўленне Халакоста.

Але карэктней казаць пра выкарыстанне Беларуссю вопыту Расіі. Напрыканцы 2020 года расійскі суд упершыню прызнаў генацыд савецкага народа нацыстамі. Рашэнне прынялі ў Ноўгарадзе, дзе разглядалася справа пра масавыя забойствы мірных жыхароў у адной з вёсак у 1942-м. 

За гэтае злачынства ў 1947 годзе ўжо былі асуджаныя нацысты. Арганізатарам забойстваў тады прызналі генерала Курта Герцага, ён і яшчэ 18 нацыстаў атрымалі 25 гадоў пазбаўлення волі. Адзін з іх быў асуджаны за злачынствы, здзейсненыя толькі на тэрыторыі Беларусі (астатнія — на тэрыторыі сучаснай Расіі). Курт Герцаг памёр у лагеры. Нацыстаў, якія дажылі да сярэдзіны 1950-х, савецкія ўлады амнісціравалі і адпусцілі дадому. Генеральная пракуратура Расіі тлумачыла, што справу завялі ў 2020 годзе, бо выканаўцы генацыду не былі прыцягнуты да адказнасці.

Летась Следчы камітэт Расіі завёў яшчэ некалькі аналагічных спраў. У сакавіку 2021-га іх аб’ядналі ў адну — пра генацыд народаў СССР.

Навошта гэта робіцца?

Артыкул Крымінальнага кодэкса Расіі «Рэабілітацыя нацызма» прадугледжвае адказнасць не толькі за ўхваленне нацысцкіх злачынстваў і адмаўленне фактаў, якія прызнаў Нюрнбегскі трыбунал, а яшчэ і за «распаўсюджванне заведама непраўдзівых звестак пра дзейнасць СССР у гады Другой сусветнай вайны». Гэта пакідае вельмі шырокі калідор для інтэпрэтацый. Але яны тычацца хутчэй унутранай палітыкі.

Расійскі палітолаг Аляксандр Марозаў бачыць у дзеяннях расійскіх уладаў праяву вялікай геапалітычнай гульні. На яго думку, логіка наступная: Крэмль хоча развязаць канфлікт з Германіяй, каб урэшце выставіць ёй рэпарацый за Другую сусветную вайну. На думку Марозава, крамлёўскія прапагандысты пачынаюць актыўна эксплуатаваць тэму нямецкай гістарычнай віны. 

«Думаю, што варта ставіцца да гэтага сур'ёзна, гэта не з'яўляецца проста шантажом, Крэмль цалкам можа прыйсці да сітуацыі, калі ён пачне разыгрываць карту рэпарацый зусім прама і сцвярджаць, што Германія выплаціла яўрэям за генацыд, а цяпер абавязаная выплаціць і Расійскай Федэрацыі», — мяркуе эксперт.

Беларускія ўлады могуць мець іншыя задачы. З павесткі дня не сыходзіць тэма нацыяльнай сімволікі, якую ўлады спрабуюць прывязаць да падзей вайны. Да таго ж, нядаўна генпракурор заявіў, што бачыць сувязь паміж нацызмам і цяперашнімі пратэстамі ў Беларусі:

«Гэта зыходзіць з тых жа краін, з тэрыторыі якіх 80 гадоў таму прыйшлі фашысты для таго, каб нас татальна знішчыць. Менавіта адтуль ідзе спроба адрадзіць гэтую карычневую чуму ў выглядзе каляровай рэвалюцыі і па сутнасці, знішчыць нашу дзяржаву».

Але, магчыма, Беларусь у гэтым пытанні будзе рухацца ў фарватэры Расіі. Тады думка пра кампенсацыі, якую нядаўна выказаў Андрэй Швед, не з’яўляецца выпадковай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0