Працоўная біяграфія Іванова насычаная: ён пачынаў з заатэхніка ў круглянскім калгасе «Кастрычнік», ішоў па сельскіх гаспадарках, падняўся да кіраўніка векапомнага «Рассвета» у Кіраўскім раёне — адзін з самых паспяховых калгасаў яшчэ за Саюзам. Потым кіраваў Кіраўскім выканкамам, потым — Шклоўскім. Менш за год быў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, намеснікам спікера Палаты прадстаўнікоў, сенатарам, віцэ-губернатарам Мінскай вобласці, віцэ-прэм’ерам, кіраўніком Беларускай калійнай кампаніі, урэшце, кіраўніком Белкаапсаюза. Але што можна сказаць пра яго шырэй за афіцыйную даведку? 

«Курыраваў» маці і жонку Лукашэнкі 

Валерый Іваноў быў старшынёй Шклоўскага выканкама ў часы (2004-2008), калі была яшчэ жывая маці Лукашэнкі. Зрэшты, першая ледзі, Галіна Лукашэнка, таксама працавала і дагэтуль працуе ў Шклове. Для любога кіраўніка горада гэта быў святы абавязак — «прыглядваць» за гэтымі жанчынамі.

Што гэта значыць? Ну, напрыклад, арганізаваць усё так, каб прывезлі дроваў, пакасілі сена, прапалолі буракі, дапамаглі прыбраць ураджай у вялікай гаспадарцы, то бок дапамагчы там, дзе адна жанчына дакладна не дасць рады. І хаця гэты факт Іваноў не выпячвае, але ў чынавенскіх колах лічыцца, што вось гэты дагляд значна ўмацаваў давер да Іванова, моцна паспрыяў ягонай кар’еры.

Даўно знаёмы з Лукашэнкам асабіста

У адрозненне ад Шэймана, Іваноў ніколі не выконваў гучных палітычных задач, толькі таму і не быў вядомы шырокай аўдыторыі. Але абазнаныя прыпісваюць яму з Лукашэнкам даўняе знаёмства: усяго год розніца ва ўзросце, раслі побач, вучыліся ў адным ВНУ — Іваноў скончыў горацкую сельгасакадэмію ў 1983, Лукашэнка — у 1985-м. 

Калі паглядзець відэа прызначэння, можна пабачыць, што пры ўваходзе у кабінет Лукашэнкі і седзячы перад ім Іваноў вочы долу не апускае і словы ў сшытак не запісвае: сядзіць прама, глядзіць у вочы. 

Пазбягаў палітыкі і не дабыў свае дэпутацкія кадэнцыі

Іваноў быў дэпутатам парламента - і ніжняй, і верхняй палатаў. У Палаце прадстаўнікоў ён нават быў намеснікам спікера, выступаў з заявамі ў Еўропе, але цягаціўся сваёй роллю, любіў падкрэсліваць, што ён «чысты гаспадарнік». У выніку ні ў Палаце, ні ў Савеце Рэспублікі да канца сваіх кадэнцый не дабыў: яго то прызначылі намеснікам старшыні аблвыканкама, то віцэ-прэм’ерам. 

Закон забараняе чыноўніку быць яшчэ і «прадстаўніком народа», таму з парламенцкіх органаў яму прыходзілася сыходзіць. 

З яго імем звязаная толькі адна гучная палітычная гісторыя: «Белкаапсаюз», якім ён кіраваў, выдаў Анжаліцы Агурбаш, якую раней цаніў Лукашэнка, футры кансігнацыяй.

Цяпер жа праз суд патрабуюць вярнуць грошы, імаверна, бо палітычная пазіцыя спявачкі цяпер моцна змянілася.

Не надта актыўнічаў у Мінскім аблвыканкаме

Яго дзейнасць у аблвыканкаме называюць ціхай, без паказухі.

Пад паказухай маецца на ўвазе звыклы стыль ударнага кіравання, уласцівы ўпраўленцам «сытых гадоў», калі аблвыканкам набіраў дзяржаўных крэдытаў, ладзіў на іх нейкія мега-праекты, якія прэзентаваліся «наверх» і ў СМІ як амбіцыйна-паспяховыя, потым яны праваліваліся, але разграбаць праблемы з крэдытамі даводзілася ўжо наступным кіраўнікам.

Кажуць, Іваноў быў праціўнікам такіх практык: лепш не выпячвацца, чым рабіць для помпы, а потым расхлёбваць. 

Сын Валерыя Іванова — начальнік мытні

Сяргей Іваноў узначальвае Магілёўскую абласную мытню. Кажуць, бацька не стаў дапамагаць яму з пераводам у Мінск, хаця і мог. 

Прыйшоў у «Беларуськалій» у часы разыходу з «Уралкаліем» 

Некалі «Беларуськалій» і «Уралкалій» прадавалі соль праз сумеснага трэйдара ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», але рускіх перасталі задавальняць умовы, тады атрымаўся вялікі скандал з арыштам Уладзіслава Баумгертнера. І актыўнасць Іванова прыйшлася на той час, калі ранейшыя кантракты сталі сыпацца. 

Задача Іванова была ў тым, каб перайграць экспартныя кантракты, наладзіць новыя схемы збыту. Ці справіўся Іваноў? Кажуць, многія ў свеце хацелі пажывіцца за кошт пасваранага прадпрыемства і прапаноўвалі аднаўляць пастаўкі на сваіх, экстравагантных умовах, па сімвалічных цэнах, але з прэміяй для чалавека, які прымае рашэнні. Як лічаць менеджары тых часоў, у Іванова атрымалася не пайсці на карупцыйныя ўгоды і аднавіць пастаўкі на сваіх умовах, але па ніжэйшых цэнах, чым тыя, па якіх прадавалі раней. 

Ужо кіраваў падобнай Кіраўніцтву справамі арганізацыяй

«Белкаапсаюз», якім Іваноў кіраваў з 2013 года, можна з нацяжкай параўнаць з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, толькі менш удалым. Гэта таксама вялікая, разгалінаваная арганізацыя, якая нават мае свой універсітэт у Гомелі. Як і Кіраўніцтва справамі, «Белкаапсаюз» таксама з’яўляецца вялікім аператарам нерухомасці.

Можна прыгадаць, што ў ранні постсавецкі час паўдзяржаўныя і дзяржаўныя арганізацыі, разумеючы, што самі яны зарабляць нічога не могуць, а людзі разбягаюцца, пачалі зарабляць на адзіным, што было — на здачы памяшканняў у арэнду. З часам большасць разлікаў за гэтыя памяшканні пацяклі не на рахункі прадпрыемстваў, а на рахункі Упраўлення справамі, але вось у Белкаапсаюза засталося шмат свайго, цяпер яны гэта распрадаюць і здаюць у арэнду

Але асноўны, традыцыйны від дзейнасці «Белкаапсаюза» — гэта забеспячэнне прадуктамі жыхароў сельскай мясцовасці, нарыхтоўка рэсурсаў там жа.

Ці стаў у гэтай сферы Іваноў паспяховым? Тут, імаверна, поспехаў ў прынцыпе дамагчыся складана праз структуру арганізацыі работы. Усе лакальныя «Белкаапсаюзы», як той казаў, слугі двух паноў: выканаўчай улады на месцы і «цэнтра», раённы ці абласны дырэктар вымушаны дагаджаць абодвум.

Само паняцце кааперацыі ў нас вельмі моцна перакручана. Калі ўзяць умоўную Італію, то там гаспадары-кааператары аб’ядноўваюцца і дыктуюць свае ўмовы паставак прадаўцам, становяцца багатымі людзьмі, а што можа дыктаваць беларускі фермер без уласнасці? Анічога.

Калі дадаць сюды тое, што ў кожнага раённага філіяла свае рахункі, то пытанне кантролю за ўсёй структурай становіцца вельмі цяжкім, час ад часу ўсплываюць скандалы з адкатамі, за якія садзяць людзей. Так, быў асуджаны папярэднік Іванова, Сяргей Сідзько на 12 год трапіў за краты за карупцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0