Бо ні Беларусь, ні Ірландыя не валодаюць неабходнымі тэхналогіямі перапрацоўкі ядзерных адыходаў.

Ірландская кампанія прапанавала беларускім уладам нетрывіяльны спосаб ачысціць пацярпелыя ў выніку Чарнобыльскай аварыі землі і адначасова зарабіць: высадзіць на забруджанай тэрыторыі адну з традыцыйных сельскагаспадарчых культур, напрыклад буракі, каб усходы ўвабралі ў сябе ізатопы стронцыю і цэзію, а атрыманы ўраджай прадаць у Еўропу на біяпаліва. Але ці здольныя буракі ачысціць землі, а ірландцы — утылізаваць радыёактыўныя адыходы, якія з’явяцца падчас ягонай перагонкі ў паліва?

Аргументы, якія прыводзіць ірландскі бок у часопісе The New Scientist, вельмі прывабныя. Навукоўцы сцвярджаюць, што гэтая тэхналогія дазволіць вярнуць закінутыя землі ў севазварот ужо праз 20-40 гадоў, а не чакаць некалькі стагоддзяў, пакуль завершыцца натуральны працэс распаду радыёактыўных рэчываў. Акрамя таго, біяпаліва — запатрабаваны ў Еўрасаюзе прадукт. Па некаторых дадзеных, да 2020 году краінам Еўропы спатрэбіцца каля 25 млрд літраў біяэтанолу.

У кампаніі Greenfield Project Management сцвярджаюць, што ў канчатковым прадукце перагонкі — этаноле — цяжкіх металаў не будзе. Усе яны застануцца ў пабочным прадукце, які затым спаляць і ўтылізуюць падобна як і іншыя радыёактыўныя адыходы.

Але менавіта гэты момант выклікаў скептыцызм з боку экспертаў МАГАТЭ: паводле іх словаў, ні Ірландыя, ні Беларусь не валодаюць неабходнымі тэхналогіямі перапрацоўкі ядзерных адыходаў.

«Колькі гадоў таму з падобнай прапановай да нас ужо звярталася галандская кампанія», — кажа радыёлаг Камітэту па сельскай гаспадарцы і харчы Магілёўскага аблвыканкаму Мікалай Зайцаў. — «Мы адмовіліся менавіта таму, што вялося пра забруджаныя землі, выведзеныя з севазвароту. Так, замежнікі гатовыя інвеставаць грошы, купляць тэхніку.

Але хто будзе працаваць на гэтых тэрыторыях, сеяць рапс або буракі, акучваць, праполваць? Беларусы? Прыбытак коштам здароўя нашых грамадзян нам не патрэбны. І ад гэтай прапановы Беларусь адмовілася».

Аднак, як сцвярджае The New Scientist, ужо ў наступным годзе ірландская кампанія плануе пачаць будаўніцтва першага заводу для перагонкі біяэтанолу, за ім следам плануецца яшчэ дзесяць.

Кандыдат хімічных навук Анатоль Паўлаў скептычна ставіцца да ідэі ірландскай кампаніі.

— Нічога новага ірландцы не прапаноўваюць, — кажа эксперт «Заўтра тваёй краіны». — Яшчэ ў 1986 годзе беларускія навукоўцы на чале з прафесарам Яўгенам Пятраевым прапаноўвалі аналагічныя метады ачысткі забруджаных тэрыторый. Сумесныя даследаванні праводзілі навукоўцы-хімікі і раслінаводы. Яны прапаноўвалі засеяць гэтыя тэрыторыі лясамі, каб не было эрозіі глеб, утрымліваўся вецер. Дрэвы раслі б, «прыбіралі» б радыёнукліды, а праз 150 гадоў можна было бы выкарыстаць гэтую драўніну. Але да меркавання навукоўцаў у сучаснай Беларусі не заўсёды, на жаль, прыслухваюцца.

Што тычыцца тэхналогіі, прапанаванай ірландцамі, я б не спяшаўся пляскаць у ладкі, бо пытанняў, узнікае шмат. Першым чынам: што рабіць з радыёактыўнымі адыходамі, якія, безумоўна, з’явяцца падчас перагонак гародніны ў паліва. Ні Беларусь, ні Ірландыя не валодаюць вельмі складанай хіміка-тэхналагічнай методыкай перапрацоўкі ядзерных адыходаў і іх утылізацыі. Такія тэхнолагі ёсць сёння толькі ў Францыі, Расеі, Вялікабрытаніі.

Другі момант: ізатопы не сядзяць у павярхоўным пласце глебы 20 гадоў — падчас выпадзення дажджоў і іншых прыродных працэсаў яны трапляюць у глыбінныя пласты зямлі, а корань бурака пранікае ў глыбіню сантыметраў на 10. Так што складана сказаць, наколькі такая тэхналогія дазволіць ачысціць чарнобыльскія землі.

Паводле «Заўтра тваёй краіны»

Глядзі яшчэ:
Пераход на чысты сьпірт

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0