Ужо прайшоў год пасля выбуху 4 ліпеня ў Мінску. Няздольнасць сілавікоў адшукаць вінаватых Лукашэнка назваў «ганьбай міліцыі». Відавочна, што ўлада няздольная адказаць на самыя важныя пытанні, звязаныя са здарэннем. Піша Андрэй Ляховіч.

Каму выгадна?

Гэта першае пытанне, на якое павінны адказаць тыя, хто шукаюць злачынцаў. Вельмі малаверагодна, што выбух быў накіраваны супраць канкрэтных людзей — гледачоў канцэрту. У цемры і сярод натоўпу было вельмі складана вызначыць людзей, якія маглі бы быць аб’ектам нападу. Калі б хтосьці вырашыў учыніць напад на канкрэтных людзей, ён бы выбраў іншае месца і час.

Гэта дазваляе выкрасліць з спісу падазраваных якія-небудзь крымінальныя структуры.

Няма падставаў меркаваць, што мэтай выбуху былі цэнтральныя персоны святочнага мерапрыемства — Лукашэнка, ці хтосьці з прадстаўнікоў вярхоўкі ўлады. Выбух быў учынены дастаткова далёка ад месцазнаходжання Лукашэнкі. Было відавочна, што пацерпяць выпадковыя, звычайныя людзі.

Мэтай выбуху было само святочнае мерапрыемства — афіцыйны Дзень незалежнасці. Для таго, каб пасеяць паніку, быў разлічаны сам выбух. Выбуховая хваля біла па нагах. Павінна была пацярпець як мага большая колькасць людзей.

Тое, што ў сувязі з выбухам былі затрыманыя некаторыя актывісты апазіцыі, сведчыла, што ўлада шукае не там. Нават калі афіцыйнае свята незалежнасці адзначаецца 3 ліпеня, і пад чырвона-зялёнымі сцягамі, для нязгодных з Лукашэнкам гэта добрая падзея. Шмат хто з іх прайшлі праз рэпрэсіі, арышты, звальненні, за тое што казалі пра пагрозу незалежнасці ў той час, калі Лукашэнка абдымаўся з хворым Ельцыным і шмат казаў пра «саюзную дзяржаву» і «інтэграцыю».

Абсалютна непераканаўчай з’яўляецца версія, быццам выбух учыніла ўлада для таго каб абвінаваціць, дыскрэдытаваць апазіцыю перад парламенцкімі выбарамі (адбыліся 28 верасня 2008 г.) Па-першае, вялікі натоўп на афіцыйным мерапрыемстве у Дзень незалежнасці патрэбны Лукашэнку для таго, каб прадэманстраваць, што ён мае падтрымку. Лукашэнка не хоча быць губернатарам «паўночна-заходняга краю» Расеі. Па-другое, парламенцкія выбары не з’яўляюцца у Беларусі настолькі важнай падзеяй, каб трэ было праводзіць перад імі такую падрыхтоўку. Па-трэцяе, у цяперашнім стане апазіцыя не з’яўляецца настолькі моцнай пагрозай для ўлады, каб для яе дыскрэдытацыі трэ было ўчыняць выбух.

Выбух учынілі тыя, хто меў для гэтага адпаведную і вялікую матывацыю. Для каго дэманстрацыя ўладай падтрымкі незалежнасці Беларусі — з’ява, якую вельмі цяжка цярпець, з якой вельмі цяжка альбо немагчыма прымірыцца.

Калі б ні быў афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі — гэта будзе свята незалежнасці ад Расіі. І такім чынам гэта будзе разглядацца шмат кім у Расіі.

Акрамя матывацыі заказчыкаў, трэба мець на ўвазе высокі прафесіяналізм выканаўцы.

Выбух быў выкананы вельмі прафесійна. З дакладна разлічаным дзеяннем і эфектам. І вельмі высокай перакананасцю, што выканаўца не будзе схоплены, асуджаны, не будзе гутарыць са следчымі.
Бо прафесіянал з вялікім досведам.

Акрамя вялікай матывацыі гэта зрабіць, неабходна мець адпаведныя рэсурсы для таго, каб аплаціць працу прафесіянала. І трэба ведаць, дзе можна знайсці прафесіянала, які ўсе выканае дакладна і не будзе збояў.

Есць дастаткова падставаў казаць, што выбух быў замоўлены адной з бізнэс-палітычных групаў Расеі.
Паводле некаторых дадзеных, з 2000 буйных чыноўнікаў і бізнесоўцаў у сучаснай Расеі, 1500 — ці прадстаўнікі спецслужб, ці маюць сувязі з ФСБ. Гэтыя людзі разважаюць у катэгорыях Вялікай Расіі. Адпаведна гэтай ідэі яны бачаць свет, успрымаюць тое, што адбываецца ў палітыцы, у тым ліку ў Беларусі. І яны маюць вялікія рэсурсы.

Наўрад ці расейскае кіраўніцтва мае дачыненне да выбуху. Як кажуць, «у Крамля шмат вежаў». І адна «вежа» можа і не мець поўнай інфармацыі, што робіць іншая, меншая. Таксама як і наўрад ці Пуцін аддаваў загад аб забойстве былога супрацоўніка ФСБ Літвіненкі ў Лондане у 2006 г. Але Літвіненка — здраднік для тых, хто вызначае палітыку і кантралюе эканоміку ў Расіі. Ён павінен быў памерці.

Хто вінаваты?

Выбухі не адбыліся падчас аналагічных падзеяў, святаў незалежнасці ў іншых постсавецкіх краінах. Урады іншых рэспублік былога Савецкага Саюзу ад першых дзён незалежнасці не казалі, што украінцы, узбекі і г.д. — гэта рускія. Са знакам якасці ці без. І ніколі не гандлявалі незалежнасцю. Не казалі пра «саюзную краіну», не змагаліся за званне «лакаматыва інтэграцыі» з Расеяй.

Як ні парадаксальна, русіфікацыя, якую працягвае праводзіць цяперашняя ўлада, размовы пра інтэграцыю з Расеяй, не ствараюць бяспеку ад паўтарэння трагедыі 4 ліпеня, а ствараюць пагрозу паўтарэння такіх здарэнняў. Весці размову пра шырокую інтэграцыю з Расіяй і не рабіць адпаведных крокаў, адчуваць сябе пры гэтым у бяспецы — не атрымаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?