Валадарка

Валадарка

Славутая паэтэса трапіла за краты пасля вайны. Яе з мужам незаконна пазбавілі чэхаславацкага грамадзянства і дэпартавалі ў СССР. Спецслужбы хацелі знайсці архівы БНР, якімі апекавалася Ларыса. Таксама сужэнцам ставілі ў віну ўдзел у Беларускім камітэце самапомачы, які дзейнічаў падчас Другой сусветнай вайны.

У канцы 1948 года Геніюшаў перавялі на Валадарку. Што там адбывалася?

Заўжды гарэла святло

«Ноччу ў камерах гарэў заўсёды свет. Свяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі не хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыццё й прагнуць выжыць».

Холад

«Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, дзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно».

Дрэннае харчаванне

«Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на смярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў».

Адсутнасць падушкі

«У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка [сын Геніюш — заўвага НН]. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву».

У камерах былі наседкі

Зняволеныя, якія імкнуліся справакаваць суседзяў, даведацца патрэбную інфармацыю. У выпадку Геніюш такую дзяўчыну клікалі Ніна Гардзей. Паэтэсе яна сказала, што сядзіць нібыта за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі — арганізацыі, утворанай пад нямецкай акупацыяй. «Ідуць дні, я нічога не гавару з гэтай дзяўчынай у панчохах дзіравых на лытках, якая ўжо не раве (во камедзія!), а прыглядаецца да мяне й правакуе, — пісала Геніюш. — Распавядае мне, што вельмі любіць Заходнюю Беларусь, бо стуль паходзіў яе бацька, якога ў 37-м годзе расстралялі, быў ён быццам прафесарам. Маці яе быццам прыбіральшчыца ў нейкім урадзе».

Аднойчы у камеру далі даміно. «Калі пачынаем гуляць, я кажу: «Вось я буду Чэрчыль, а ты расеец, хто выйграе?» Калі выйграваю я, дык цешуся, хахачу, гэта мая адзіная радасць у гэтай нары на злосць ім усім, усёй гэтай бесчалавечнай сістэме!»

Неўзабаве Геніюш выклікаў следчы і сказаў: «Памыляецца той, хто чакае вайны». А пасля вайны хадзілі чуткі пра супрацьстаянне паміж СССР і Захадам. Пасля гэтага паэтэса зразумела, хто такая Гардзей. «Вы мусіце ведаць, што грузіны жывуць доўга, — сказаў ёй следчы. — І таварыш Сталін не хутка памрэ». «Я маўчу й думаю, што Бог ведае лепей», — пракаментавала Геніюш. Сталін памёр праз пяць гадоў, у 1953-м.

Ларыса Геніюш

Ларыса Геніюш

Здзекі адміністрацыі

Геніюш згадвала, як убачыла ў родных мясцінах высокага дзецюка: «Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэнні да мяне ці да майго таварыства». Праз гады гэты чалавек стаў важнай асобай у мінскай турме. Па словах паэтэсы, ён «здзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, гдзе прысутнічаў пры нашым купанні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі… Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з маяго зьняволенага становішча. Гэта было жудасна…»

Няведанне беларускай мовы

Ларысе Геніюш спатрэбілася цёплая рэч, бо было халадно. Каб атрымаць яе, трэба было напісаць заяву ў канцылярыю вязніцы і перадаць яе праз кармушку. «Мне далі папер, і я па-беларуску напісала, што мне трэба. Якое ж было маё здзіўленьне, калі мне вярнулі заяву з зацемкай, што «па-чэску» не разумеюць, каб напісаць па-расейску…».

Правакацыі з боку следчых

Геніюш згадвала, як следчы казаў ёй: маўляў, яе муж меў у Слоніме, дзе працаваў, нейкіх прыяцелек. «Дурніца, — кажу, — вось каб ён год жыў адзін і нікога не меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасце, ніякі не манах!»

«Добрыя» і «дрэнныя» следчыя

Пра дрэнных следчых Геніюш пісала неаднаразова. Напрыклад, яе дапытваў сам наркам дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава. Але яна прыводзіць і адваротны прыклад. Так, следчы Коган «не крычаў на мяне, але ўсё гутарыў, агітаваў мяне, успамінаў партызанку, хваліў савецкую ўладу. Я слухала, але суровая рэчаістасць прамаўляла да мяне больш. Часамі ён расказваў мне аб гуманнасці савецкага следства, а побач разлягаліся нечуваныя маты-пераматы, пабоі, крыкі й жаночы плач. Ён тады замаўкаў». Геніюш згадвала, як аднойчы на допыт прыйшоў нейкі чалавек у цывільным. «Мяне ён пачаў папракаць у незалежніцкіх тэндэнцыях, дык я яму сказала, што па Савецкай канстытуцыі кожная з савецкіх рэспублік мае права нават аддзяліцца з Саюзу, дык што ў гэтым дзіўнага?».

Мара — стварыць у Валадарцы музей

«Увесь Менск разбілі бязлітасна, наступаючы, немцы, а вось гэтай клятай будыніны не кранула ні адна бомба на нашу бяду! Праседзеўшы там некалькі месяцаў, я абдумвала план, як з гэтага месца чалавечых мукаў зрабіць некалі музей ці капліцу, дзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на задушныя дні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0