На Акрэсціна ён знаходзіўся ў нечалавечых умовах, разам з калегамі, якія працавалі на «Радыё Свабода» абвесціў нават галадоўку. Вось што ён расказаў пра свае апошнія дні.

«Уварваліся раніцай у кватэру. Грукат у дзверы: я адразу падняўся. Не тое, каб чакаў, але прадбачыў такое.

Супрацоўнікі ў цывільным ўжо увайшлі ў тамбур, я адчыняў дзверы спакойны, але мяне схапілі, адзін, здаецца, сказаў: «САХР!», хоць сахраўцаў у форме там я не бачыў. 

Другі кажа: «Міліцыя!» У кватэру ўварвалася 7 чалавек, на мяне накінулі кайданкі. Правялі ператрус, забралі тэхніку і ўсе наяўныя грошы. Адвезлі ў СК, я адмовіўся ад дачы паказанняў без адваката. Выклікалі дзяжурнага абаронцу. І пасля 10 сутак на Акрэсціна. 

Па 342 артыкуле тут шмат. Таксама шмат людзей па «тэрарыстычнай справе» аб падрыве ў Вілейцы. Па ёй сядзеў доктар, які займаўся пейнтболам, нейкі аспірант БНТУ… Забіраюць усіх, пры хоць якім падазрэнні. Праўда, пасля і адпускаюць: ведаю, што і доктар, і аспірант ужо на волі».

Спачатку Груздзіловіча завялі ў камеру, дзе быў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, яны абняліся, але праз хвіліну журналіста вывелі ў іншую камеру. Там быў нашанівец Андрэй Скурко. «Яму цяжка, ён інсуліназалежны, мае праблемы са здароўем», — тлумачыць Груздзіловіч.

Пасля ёй быў у адной камеры з калегам Алегам Дашчынскім. Калі яны даведаліся, што журналіст Іна Студзінская трымае галадоўку, далучыліся да яе. 

«Палітычным не выдаюць бялізну, матрасы. Калі ў камеру да палітычных трапляюць крымінальнікі, у іх таксама забіраюць матрасы.

Ад адваката я даведаўся, што нам перадалі перадачы. Але іх нам ніхто не аддаў. Казалі: гэта прыдумкі, што вам штосьці перадалі. 

На шпацыр ці ў душ палітычных таксама не водзяць», — кажа Алег. Пры гэтым мігранты, якіх утрымліваюць у суседніх камерах, маюць пасцельную бялізну, іх выводзяць і на прагулкі, і ў душ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0