«Наша Ніва»: Як стала магчымым, што МВФ гатавы выдзеліць Беларусі амаль мільярд даляраў?

Павел Латушка: Мэта гэтай эмісіі — дапамога краінам для выхаду з крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруса. Гаворка ідзе пра суму 650 мільярдаў даляраў ЗША, якія будуць размеркаваны сярод 192 краін-удзельніц МВФ. Каб вы разумелі маштаб — эмітуецца колькасць СДР (гэта так званыя чэкі, якія пасля трэба абналічыць), якая ледзь не ў тры разы перавышае тое, што цяпер знаходзіцца ў звароце. Размеркаванне адбываецца роўна ў адпаведнасці з квотай краін: у Беларусі яна 0.14%, у ЗША — 16%. Таму можна сказаць, што гэта «своеасаблівы падарунак» для нашай краіны, паколькі ад Беларусі не патрабуецца ніякіх заявак у МВФ на іх атрыманне, гэта глабальнае размеркаванне для ўсіх краін-удзельніц. Такім краінам, як Беларусь, гэта вельмі дапаможа палепшыць стан валютных рэзерваў.

«НН»: У афіцыйных уладаў існуе моцнае лобі Ў МВФ?

ПЛ: Мы не выключаем дадзенага сцэнара, таму лічым важным дзейнічаць адкрыта і максімальна празрыста, каб процідзейнічаць гэтаму. Тут вельмі важная пазіцыя палітыкаў тых краін, якія афіцыйна не прызналі Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам, паколькі яны здольныя фармаваць меркаванне і даносіць сваю пазіцыю да ўпаўнаважаных прадстаўнікоў сваіх краін у МВФ, каб тыя выкарысталі свой голас для лабіравання якраз такі контрзахадаў і недапушчэння для беларускага ўрада права выкарыстоўваць размеркаваную для Беларусі квоту. І як прыклад, можам сказаць, што на мінулых дэбатах у брытанскай палаце лордаў пра сітуацыю ў Беларусі прагучаў заклік звярнуцца да МВФ аб прыпыненні доступу сродкаў для Беларусі і выкарыстоўваць голас ўпаўнаважаных прадстаўнікоў МВФ для гэтага.

«НН»: Пытанне правоў чалавека для МВФ зусім не з'яўляецца важным пры выдзяленні грошай?

ПЛ: На жаль, зусім. Калі размеркаванне адбываецца, яно робіцца выключна ў адпаведнасці з квотай краіны, у статуце МВФ гэта выразна прапісана. Трэба разумець, што там даволі шмат удзельнікаў з двухсэнсоўнай пазіцыяй па правах чалавека. МВФ гэта не палітычная, а бюракратычная арганізацыя. Гэта толькі азначае, што нам патрэбна іншая катэгорыя довадаў. Яны ў нас ёсць.

«НН»: Калі ўлады атрымаюць гэты чэк, ці ёсць верагоднасць, што грошы яны так і не здымуць?

ПЛ: Гэта комплекснае пытанне. Каб адказаць на яго, трэба разабрацца ў дэталях. Па-першае, што такое СДР? Гэта такая каштоўная папера, якая можа захоўвацца толькі на рахунку краіны ў аддзеле СДР у МВФ. Доступ да распараджэння гэтым рахункам ёсць у прадстаўнікоў краіны ў МВФ. Прыватныя асобы і арганізацыі не могуць удзельнічаць у здзелках па СДР — толькі МВФ, краіны-ўдзельніцы і некалькі наднацыянальных банкаў. Па-другое, абмен і выкарыстанне СДР. Гэта той выпадак, калі сказаць проста недастаткова. Ёсць два спосабы абмену СДР на грошы — звярнуцца ў цэнтральны банк адной з тых краін, валюта якой уваходзіць у кошык СДР (еўра, даляр, фунт, ена і юань), па намінальным курсе, альбо як крэдыт — у цяперашні час працэнт за карыстанне 0.5% у год у параўнанні з 7-8%, якія Беларусь плаціць па аблігацыях. З першымі трыма краінамі усё ясна, але кітайцы могуць абмяняць. Другі спосаб — прадаць любому члену МВФ, які захоча купіць. У гэтым выпадку дэпартамент СДР проста фіксуе факт пераходу СДР з рахунку адной краіны на рахунак іншай краіны — прыкладна, як вы ў банку робіце перавод, атрымліваеце плацёжкі, і з імі, як з доказам аплаты, забіраеце тавар. У гэтым сцэнары з'яўляецца шмат непадкантрольных варыянтаў — напрыклад, Катар і гэтак далей. Дык яшчэ і цана продажу можа не быць намінальнай для дадатковай стымуляцыі здзелкі. Рэзюмуючы, калі не распачаць мер па спыненні доступу беларускага ўраду да СДР-рахунку Беларусі ў МВФ, расход гэтых сродкаў — гэта пытанне часу.

«НН»: Ці існуюць нейкія ўмовы, якія беларускія ўлады могуць выканаць, каб атрымаць грошы?

ПЛ: Выдзяленне долі аўтаматычнае, нічым не абцяжарваецца. Усё, што трэба, — быць членам МВФ. Наша логіка, што ўрад Лукашэнкі не прызнаны членамі МВФ і часова павінен быць адхілены ад распараджэння рахункамі Беларусі. Каб абыйсці гэта абмежаванне, ураду прыйдзецца зрабіць так, каб яго прызналі, а гэта малаверагодна.

«НН»: Як дамовіцца з МВФ?

ПЛ: Згодна з палажэннямі МВФ, арганізацыя ўзаемадзейнічае са сваімі сябрамі «толькі праз іх казначэйствы, цэнтральныя банкі, стабілізацыйныя фонды або іншыя аналагічныя падаткова-бюджэтныя агенцтвы», і МВФ павінен працаваць толькі з імі або праз тыя ж агенцтвы. Таму мы не можам напрамую пераканаць іх не выдаткоўваць грошы. Такое рашэнне проста не можа быць выпрацавана на перамовах НАУ або ОСТ-МВФ, іх у прынцыпе не можа быць. Перамовы з МВФ могуць весціся толькі ад асобы членаў МВФ. Таму спосаб працы іншы — пераканаць нашых партнёраў у важнасці гэтага пытання і працаваць з імі, каб праз свае казначэйствы і сваіх дырэктараў у МВФ яны ўзнялі гэтае пытанне. Мы павінны ведаць працэдуру, а не спадзявацца на тое, што правілы падбудуюць для нас і пад нас; пераканаць нашых партнёраў і разам працаваць на дасягненне мэты. Мы выдатна разумеем, што павестка Беларусі, і ў прыватнасці, пытанне вылучэння МВФ сродкаў для Беларусі, для нашых партнёраў не з'яўляюцца першачарговымі. У кожнай краіне ў палітыкаў ёсць шмат іншых праблем, якія патрабуюць вырашэння. І таму гэта менавіта наша праца — канцэнтраваць намаганні і прыцягваць увагу да пытанняў тыпу МВФ сусветную супольнасць, ніхто акрамя нас гэтага не зробіць. Але паўтаруся — менавіта інфармаваныя, планамерныя і мэтанакіраваныя дзеянні па законе прывядуць нас да поспеху.

«НН»: І што вы плануеце рабіць?

ПЛ: Спрабаваць зрабіць так, каб Беларусі гэты «чэк» не быў выпісаны, зусім няправільна, бо гэта немагчыма — усе члены МВФ маюць роўныя правы, і долю атрымаюць і Беларусь, і Венесуэла, і М'янма. І тут ізноў д'ябал крыецца ў дэталях — Венесуэле і М'янме будуць размеркаваны СДР з боку МВФ, але яны не змогуць імі скарыстацца — з прычыны таго, што кіраўніцтва гэтых краін не прызнана іншымі членамі МВФ. Мы павінны дамагчыся таго ж самага для Беларусі. Гэта адсутнасць легітымнасці ўжо зафіксавана МЗСамі нашых партнёраў.

Мы можам, па-першае, прыцягнуць увагу МВФ, каб гэтае пытанне было узнятае на ўзроўні Рады кіраўнікоў або выканаўчым савеце. Па-другое, прыцягнуць увагу членаў МВФ (нашых саюзнікаў), каб гэтае пытанне было ўзнятае, і калі будзе галасаванне па гэтым пытанні прадстаўнікі краін, якія па сумяшчальніцтве працуюць (ці з'яўляюцца дырэктарамі) у Мінфіне ці Нацбанку, занялі тую ж пазіцыю, што і іх МЗСы. І тут, калі тыя, хто не прызнаў выбары, кансістэнтна прагаласуюць у адпаведнасці з пазіцыямі сваіх краін, пытанне вырашыцца як трэба, бо калі пералічыць галасы тых членаў МВФ, якія не прызналі Лукашэнка прэзідэнтам (галасаванне не адна краіна - адзін голас, а ў адпаведнасці з укладам у сусветную эканоміку), атрымаецца 56%, а прызналі усяго 13%. Менавіта на гэтай падставе Мадура і хунта М'янмы былі пазбаўленыя доступу да рахункаў сваіх краін.

«НН»: Што далей?

ПЛ: Рашэнне аб размеркаванні будзе прынята ў пачатку жніўня. Беларусь не будзе асобна згадвацца ў гэтым рашэнні, яна там будзе нароўні з усімі. Ад рашэння да пералічэння (павелічэння балансаў на рахунках краін у дэпартаменце СДР) пройдзе яшчэ прыкладна тры тыдні, а выканаўчы савет МВФ збіраецца некалькі разоў на тыдзень. На любым з гэтых пасяджэнняў можа быць прынята рашэнне, што сярод сяброў МВФ няма яснасці, ці з'яўляецца Лукашэнка прэзідэнтам і ці з'яўляюцца такім чынам Калаур і Селіверстаў прадстаўнікамі дзяржавы. І калі рашэнне будзе прынята ў адпаведнасці з афіцыйнымі пазіцыямі гэтых краін, СДР будуць ляжаць некранутымі на рахунку Беларусі. А калі новы легітымны ўрад будзе прызнаны членамі МВФ, ён адразу атрымае доступ да гэтых сродкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0