Паводле абвінавачвання, Дзмітрый Невяроўскі пакінуў абразлівы нецэнзурны каментар у адным з тэлеграм-чатаў пад фота старшай памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Валерыі Таратынка, чым прынізіў яе гонар і годнасць. Каментар быў даступны для неабмежаванага кола карыстальнікаў інтэрнэт, паведамляюць праваабаронцы. 

Абвінавачаны знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах, вядома, што мае 3 групу інваліднасці. У судзе абараняў сябе сам. Ён поўнасцю прызнаў віну.

Валерыя Таратынка расказала, што 7 снежня 2020 года ў адным з тэлеграм-каналаў былі размешчаныя фота і персанальныя даныя, у тым ліку сведчанні пра асабістае жыццё: месца пражывання, мабільны тэлефон, пашпартныя звесткі. Там жа было ўказанае і службовае становішча.

Пазней — 15 студзеня 2021 года — указаны запіс быў прадубляваны ў іншым тэлеграм-канале, на якім мелася магчымасць каментавання. У гэты ж дзень і наступныя дні пад запісам былі размешчаныя абразлівыя каментары, у тым ліку і абвінавачаным.

Абвінавачаны выбачыўся перад пацярпелай, патлумачыў, што ў той вечар прачытаў шмат навінаў, быў усхваляваны і ў тэлеграм-канале пабачыў фота і апісанне пра пракурора, пакінуў каментар. У судзе казаў, што яго дзеянне не было справядлівым, звычайна ён нікога не абражае.

«Гэта было зроблена мной па глупстве, у той момант я не ведаў, да чаго гэта можа прывесці».

Таратынка прыняла прабачэнні, выказала спадзяванне, што Невяроўскі зробіць адпаведныя высновы і больш не парушыць закон. Пасля гэтага яна пакінула залу суда.

29 ліпеня суд агучыў прысуд. Максім Трусевіч палічыў віну Дзмітрыя Невяроўскага даказанай і прызначыў яму пакаранне ў два гады хатняй хіміі.

Мабільны тэлефон канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства, а канфіскаваныя рэчавыя доказы — знішчыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0