«Наша Ніва» паглядзела, кім працуюць жонкі футбольных топаў.

Святлана Глеб

Жонка Аляксандра Глеба — былая «Супермадэль Беларусі», а цяпер інстаблогерка. Калісьці працавала менеджарам у бацькі, які займаўся вытворчасцю касметыкі, пасля з сястрой развівала ІП па продажы адзення.

Але з замужжам адышла ад спраў і прысвяціла сябе сям’і — у шлюбе з футбалістам Святлана нарадзіла дзвюх дачок. 

Вольга Глеб

Той выпадак, калі жонка больш вядомая за мужа. Вольга — папулярная блогерка і бізнэсвумен. Яна ўладальніца брэнда адзення Moshé — у яе некалькі крам у Мінску. Вольга распавядала, што, каб адкрыць бізнэс, скінулася па $200 з мамай і сястрой, яшчэ $2000 пазычыла ў мужа, якія пасля хутка яму вярнула.

Былога нападаючага зборнай Беларусі Вячаслава Глеба з жонкай бачылі на вялікім маршы 16 жніўня.

Крысціна Козел

Спартыўная журналістка замужам за паўабаронцам БАТЭ Яўгеніем Яблонскім. Яна была вядома як вядучая перадачы на БТ «Козел пра футбол».

Спрабавала раскруціць ў ютубе канал «Футболка», але апошні выпуск там выходзіў год таму.

Марына Някрасава-Гутар

Жонка галкіпера «Шахцёра» Аляксандра Гутара раней спявала ў поп-гурце Las Vegas. Пазней спрабавала пачаць сольную кар’еру. Цяпер яна ў дэкрэце — малодшаму з яе двух сыноў два гады.

У сацыяльных сетках Марына падтрымлівала Вольгу Хіжынкову, калі тую кінулі на Акрэсціна.

Ксенія Бахар

Пакуль муж Іван гуляе за мінскае «Дынама», Ксенія працуе ў ІТ — яна праектная менеджарка ў Visor Games (гэта кампанія распрацоўвае гульні для сацыяльных сетак і мабільных платформ). Летась скончыла магістратуру ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

На мінулых выбарах дзяўчына хацела стаць незалежным назіральнікам на ўчастку, але яе не дапусцілі.

Аляксандра Стасевіч

Жонка футбаліста «Шахцёра» Ігара Стасевіча — фэшн-блогер.

У студэнцтве Аляксандра была рабочай на барысаўскім заводзе, выкладала харэаграфію. Пасля сканчэння БДПУ працавала сакратаркай у прыёмнай рэктара. А потым цалкам сышла ў сям’ю. У пары двое сыноў.

У адным інтэрв’ю Аляксандра тлумачыла: у футбалістаў цяжкі графік, яны не могуць забіраць дзяцей з садка, таму побытавыя клопаты кладуцца на жонак.

Кацярына Рудзько

Жонка абаронцы «Шахцёра» Ягора Філіпенкі працуе ў сферы моды.

Яна трымае брэнд упрыгажэнняў Pilgrim, а таксама з’яўляецца саўладальніцай буціка R.O.S.E.

Юлія Кісляк

Мама двух дзяцей і жонка паўабаронцы мінскага «Дынама» Сяргея Кісляка таксама асвойвае фэшн-індустрыю.

Юлія адкрыла фірму па пашыве касцюмаў Kis Store.

Патрыцыя Крывец

Працу дзеля каханага кінула полька Патрыцыя — жонка Сяргея Крыўца, які да нядаўняга часу быў футбалістам брэсцкага «Дынама».

Цяпер Крывец гуляе за польскі клуб, таму сям’я перабралася жыць у суседнюю краіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0