Сцэна са спектакля «Гэта мы», фота Аляксея Піваварчка, teart.by

Спачатку каранавірус, а пасля і поствыбарчая сітуацыя з узмацнелай цэнзурай ускладнілі існаванне творцаў. Пагутарылі з прадстаўнікамі «АРТ Карпарэйшн», HomoCosmos, «Крылаў халопа» і Свабоднага тэатра пра сённяшні стан незалежнага тэатра ў Беларусі.

«Мы рызыкуем застацца ў ізаляцыі»

Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» праводзіў міжнародны форум тэатральнага мастацтва TEART і кінафестываль «Лістапад». Днямі стала вядома, што цяпер «Лістападам» будзе займацца «Беларусьфільм», эксперты прагназуюць адкат у 1990-я. А TEART наўрад ці адбудзецца сёлета.

«Фестывалі робяцца не за пару месяцаў, і, хутчэй за ўсё, іх не будзе нават з іншым падраднікам. Бо з тым жа TEART самым важным была наяўнасць зацікаўленага фундатара. Яго ролю раней выконваў Белгазпрамбанк, цяпер партнёрства скасаванае. Акрамя таго, складана ўявіць, каб замежныя акцёры, еўрапейцы захацелі прыехаць у Беларусь з сённяшнімі умовамі — каранавірусам, закрытымі межамі, палітычнай сітуацыяй», — каментуе Анжаліка Крашэўская.

«АРТ Карпарэйшн» таксама рабіў уласныя пастаноўкі. Дзякуючы ім, гледачы ў Мінску ўбачылі такія сучасныя спектаклі, як «Песня песняў», «Рычард III». Праўда, апошнія афлайн-паказы прайшлі яшчэ вясной. Да гэтага закрылі прастору OК-16, а новую пляцоўку для паказаў, якая б адпавядала тым жа тэхнічным характарыстыкам, каманда так і не змагла знайсці.

Сцэна са спектакля «ГОГОЛЬ. FATUM», фота Ганны Шарко, teart.by

«Пад ОК-16 таксама рабілася сцэнаграфія нашага спектакля «Крыніцы святла». А яшчэ адзін — «13 першых правілаў баскетбола» Сашы Марчанкі па п’есе Дзімы Багаслаўскага мы ўвогуле не паспелі паказаць. Мы спрабавалі працаваць на іншых пляцоўках, але там з’яўлялася афіцыйная адмова праз праблему з кавідам: нам не далі дазвол паказаць спектакль у тым жа HIDE, таму што мы нібыта не маглі забяспечыць эпідэміялагічна бяспечную рассадку. Пошук новых пляцовак на сённяшні момант стаў вялікай праблемай. Усё, што мы можам рабіць, — гэта нейкія запісы, рэпетыцыі. Але для апошняга таксама трэба шукаць магчымасці».

Не так даўно цэнтр пазбавілі іх офіса: выселілі пасля пазапланавай праверкі МНС. Прыйшлося шукаць новы офіс, штат — скарачаецца. Пры гэтым каманда «АРТ Карпарэйшн» працягвае супрацоўніцтва з кінатэатральнай сеткай Мінска і рэгіёнаў: ладзіць кінапаказы і паказы спектакляў у запісах, а таксама культурныя лекцыі. 

«Мы будзем працягваць шукаць магчымасці для афлайн-паказаў. Разбурыць тэатр можна вельмі хутка, бо гэта калектыўная творчасць. І, калі няма магчымасці займацца сваёй справай, рэжысёры, акцёры, тэхнічныя спецыялісты мяняюць прафесію ці з’язджаюць. Хочацца, каб розум перамог, нарэшце.

Не хочацца аднойчы атрымаць выпаленае культурнае поле, на якое ніхто не пойдзе працаваць. Незалежныя творцы шмат чаго прыносілі ў наш тэатральны ландшафт, браліся за сучасныя актуальныя п’есы беларускіх драматургаў, якімі мала займаюцца ў дзяржаўным тэатры. Гэта прыцягвала сюды міжнародную супольнасць, беларусаў запрашалі на фестывалі, а цяпер мы рызыкуем застацца ў ізаляцыі. Згубіць сувязі і напрацоўкі».

Сцэна са спектакля «Песня песняў», фота Ігара Чышчэні, teart.by 

«Паказ спектакля «Белы трусік, Чырвоны трусік» нам зрывалі разоў шэсць»

Незалежная тэатральная кампанія HomoCosmos была заснаваная ў 2016 годзе. Праектны тэатр паставіў мэтай даследаваць тэму чалавека і цялеснасці. На іх рахунку — моцныя тэатральныя спектаклі «Камера, якую дала мне маці», драма сталення «Шкура», «Бог козыту», «Дора, ці сэксуальныя неўрозы нашых бацькоў».

Сцэна са спектакля «Убачыць ружовага слана», фота HomoCosmos

У 2020 годзе, як і для многіх ва ўсім свеце, выпрабаваннем для творцаў стаў каранавірус.

«Тады мы неяк прыстасаваліся да лічбавага ладу жыцця. Як паказала жыццё, нам гэта спатрэбілася і пасля. Калі ж здарыліся падзеі жніўня-2020, для нас стала відавочным, што нельга граць нашы спектаклі, быццам нічога не адбылося. Мы замарозілі сваю дзейнасць ажно да снежня. І толькі тады адыгралі тры спектаклі, якія мы пераносілі яшчэ праз каранавірус. Вярнулі пазыку нашаму гледачу, так сказаць. Гледачам мы вельмі ўдзячныя за падтрымку і разуменне», — расказвае прадзюсарка Кацярына Саладуха.

У рэпертуары тэатра з’явіліся спектаклі, што адгукаліся на новую рэчаіснасць. Напрыклад, цэлы новы накірунак Homo et Populi: чалавек і грамадства (народ), чалавек у соцыуме. Так з’явілася пастаноўка Дзмітрыя Багаслаўскага па п’есе пра міграцыю «Застацца нельга з’ехаць» (ролі ў ім далі выконваць звольненым артыстам Новага драматычнага тэатра), планаваліся паказы цяпер ужо нашумелага спектакля «Белы трусік, Чырвоны трусік». У чэрвені была сарваная нават яго прыватная, прэм’ерная анлайн-трансляцыя: на ўсіх гледачоў склалі пратаколы, пяць з іх адбылі 15 сутак.

«Паказ гэтага спектакля нам зрывалі разоў шэсць. І гэта была нейкая гульня з намі. Амаль кожны раз нам давалі гастрольку, а потым забіралі. Ці нешта здаралася з пляцоўкай, ці ўвогуле даводзілі новыя абмяжаванні па COVID, калі забаранілі працаваць на пляцоўках, дзе няма фіксаванай рассадкі. Гэта, лічы, усе незалежныя. У выніку мы знялі спектакль на відэа і вырашылі паказваць анлайн, іншых варыянтаў не засталося. Увогуле гэты бясконцы марафон з пераносамі і пераразмеркаваннямі гледачоў вельмі выматаў нас. Беларусь як 50-я краіна, у якой паставілі «Трусікаў», у якіх раней удзельнічала безліч сусветных зорак, канечне, вылучылася», — кажа Кацярына.

Сцэна са спектакля «Застацца нельга з’ехаць»

Няглядзечы на тое, што працаваць у афлайне стала куды складаней, а часам і зусім немагчыма, нават калі не закранаць тэму палітыкі, каманда HomoCosmos таксама не збіраецца апускаць рукі.

«У нас ёсць напрацоўкі новых пастановак. Адна з іх — міжнародная копрадукцыя «OPUS MAGNUM». Гэта пластычны спектакль, новы для нас па форме, але блізкі па тэматыцы (цела і цялеснасць, узаемасувязь духоўнага і фізічнага, дэтабуізацыя). Яго аўтарка і рэжысёрка — Тэкла Гелбахіяні (Грузія), харэограф — Сяргей Мікель. Натхнёны спектакль жывіпасам выдатнага беларускага мастака Уладзіміра Кандрусевіча. Мы плануем яго на пяцігоддзе тэатра ў снежні. Я веру ў лепшае: мы выстаім!» — дзеліцца суразмоўца. 

«Навошта дзяржава сама ў сябе забірае падаткі?»

У пачатку лютага ў Брэсце закрылі незалежную культурную пляцоўку «Крылы халопа», якая працавала з 2014 года. Спачатку туды прыйшлі з ДФР, пасля — з МНС.

«Мы прайшлі праверку ДФР. Нам вярнулі дакументы і камп’ютар. Таксама мы выканалі патрабаванні МНС, заплацілі штраф. Падатковая правярала нашу установу, нічога не знайшла. Але пракуратура ў выніку прапанавала Адміністрацыі зачыніць нас, і тыя гэта зрабілі. Цяпер ідзе працэс ліквідацыі. Паралельна правяраюць маё ІП, шукаюць падставы прычапіцца. Усё гэта незразумела для мяне: навошта дзяржава сама ў сябе забірае падаткі, якія я спраўна плаціла?» — задаецца пытаннем рэжысёрка Аксана Гайко.

У прасторы «Крылы Халопа». Фота з сацыяльных сетак

Пры гэтым тэатр працягвае сваю дзейнасць.

«Мы працуем над аўтабіяграфічным спектаклем, тэкст для якого я пісала сама пры дапамозе драматурга Лёхі Чыканаса. Ëн пра розныя ідэнтычнасці жанчыны: Жонка, Маці, Каханка, Ахвяра, Фурыя… Прэм’ера аднак у сувязі з новай рэальнасцю плануецца не ў Беларусі. Таксама ідзе праца над праектам па жаночай гісторыі Берасця: мы сфакусаваліся на жанчынах у горадзе падчас Другой Сусветнай вайны. Гэта будзе праект падобны да Brest Stories Guide: свет пабачыць аўдыяспектакль па вуліцах Брэста».

«Усе члены калектыву могуць быць зноў арыштаваныя»

Удзельнікі «Свабоднага тэатра» заўсёды адчувалі ціск і рэпрэсіі: на іх паказы любілі наведацца амапаўцы, працаваць прыходзілася паўпадпольна. Пры гэтым яны, бадай, самы паспяховы незалежны тэатральны праект на міжнароднай арэне з актуальнымі і сучаснымі спектаклямі. Адной з апошніх прац трупы стала пастаноўка па рамане Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы».

Сцэна са спектакля «Сабакі Еўропы»

Мастацкі кіраўнік Мікалай Халезін адзначае, што гэты тэатральны сезон даўся тэатру максімальна складана: паралельна са спектаклямі на сцэне, акцёры выступалі ў дварах, выязджалі ў рэгіёны. Некаторыя члены калектыву былі арыштаваныя на суткі, нехта быў аштрафаваны, а нехта пад ціскам увогуле быў вымушаны перабрацца ў іншыя краіны. 

Афіцыйна з 1-га ліпеня трупа знаходзіцца ў адпачынку. На жаль, у Беларусі паказаў пакуль што не плануецца.

«Мы ў рэжыме 24/7 адсочваем сітуацыю і гатовыя ў любы момант, як толькі дазволіць сітуацыя, пачаць пракат спектакляў у Беларусі. Зараз гэта немагчыма, бо мы ведаем, што ў гэтым выпадку ўсе члены калектыву могуць быць зноў арыштаваныя», — тлумачыць Мікалай Халезін.

Сцэна са спектакля «Цэнтральны», фота journalby.com

Акрамя таго, была вымушаная прыпыніць сваю дзейнасць тэатральная лабараторыя Fortinbras пры тэатры.

«Я веру, што такая сітуацыя не працягнецца шмат гадоў. Але ўжо зараз мы б не хацелі замарожваць сваю дзейнасць, таму вядзём перамовы з рознымі краінамі наконт таго, каб пачаць дзейнасць Свабоднага тэатра за мяжой. Спадзяёмся, мы вырашым усе няпростыя арганізацыйныя моманты і зможам сабраць акцёраў у адной краіне, каб пачаць працу над новымі праектамі, гэта каля пяці спектакляў на першы час», — рэзюмуе Халезін.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?