СК падвёў вынікі працы за 6 месяцаў бягучага года.

«Са жніўня 2020 года асноўныя намаганні Следчага камітэта сканцэнтраваныя на выяўленні, спыненні і даследаванні абставінаў крымінальных праяў, спалучаных з незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэснымі акцыямі, замахам на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку, наўмысным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненні да службовых асоб і членаў іх сем’яў, — інфармуе СК. — Следчымі падраздзяленнямі ўзбуджаная 4691 крымінальная справа па 4196 фактах такіх праяў».

Большасць складаюць справы па арт. 341 (апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У суд накіравалі пакуль толькі 825 спраў. Выглядае, што нас чакае яшчэ шмат судоў па палітычных справах. Праваабаронцы, нагадаем, прызналі палітвязнямі пакуль 597 чалавек.

«Следчы камітэт сумесна з зацікаўленымі органамі працягне выяўленне і прыцягненне да крымінальнай адказнасці радыкалаў, экстрэмістаў, тых, хто пасягаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку краіны, — адзначыў у заключным слове старшыня СК Дзмітрый Гара. — Адказнасць такіх асоб няўхільная. Гэта была і будзе прынцыповая пазіцыя Следчага камітэта».

Нагадаем, што менавіта Гара — у 2020 годзе намеснік генпракурора — узначальваў камісію, якая абяцала раследаваць факты збіцця людзей сілавікамі. У выніку не завялі ніводнай крымінальнай справы ні на каго з прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. Пра дзейнасць той камісіі няма ўвогуле ніякай інфармацыі. А сам Гара неўзабаве ўзначаліў Следчы Камітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0