Парвала пашпарт і адмовілася сустракацца з Лукашэнкам

«Далбіць, далбіць, далбіць» — бадай, самая вядомая фраза Марыі Калеснікавай. Флейтыстка і арт-дырэктарка культурнага хаба ОК16, на мінулых выбарах яна стала каардынатаркай штаба Віктара Бабарыкі. Калеснікава да апошняга не хацела з’язджаць — і не з’ехала: парвала пашпарт на мяжы і вылезла з машыны праз акно, калі яе спрабавалі прымусова вывезці з краіны. Хаця магла б кінуць палітыку і займацца музыкай — культурныя праекты ў Германіі ў яе былі распісаны да 2022 года.

«Тыя, хто мяне выкрадаў, неверагодна слабыя і ў істэрыцы. Яны нават не ўмеюць рабіць сваю працу добра. У іх паўсюль бардак і хаос», — пісала яна ў лісце бацьку.

«Нам няма чаго баяцца, бо мы не парушаем закону», — такім быў яе прынцып.

Марыя — адзіная з жаночага трыумвірату, хто застаўся ў Мінску і хадзіў на нядзельныя маршы.

Калеснікава верыла: людзі могуць усё змяніць і паўплываць на палітыку. І часта падбадзёрвала беларусаў — «Вы неверагодныя» было яе кампліментам. 

На сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА яна адмовілася ехаць. Калі да Марыі прыязджалі супрацоўнікі, каб забраць на «круглы стол», яна яшчэ не ведала, хто там будзе, але сказала, што ёй спакайней у жодзінскім ізалятары. Адзін з удзельнікаў сустрэчы, Юрый Васкрасенскі, пасля заявіць, што гэта хлусня, маўляў, ні ў каго з палітвязняў не пыталі, хочуць яны бачыць Лукашэнку ці не.

Марыя і за кратамі застаецца аптымісткай. Фарбуе вусны чырвоным, кожны дзень робіць па 350 прысяданняў і 100 адцісканняў. У лістах Калеснікава жартавала, што выглядае маладзейшай, чым да арышту. Яна расказвала, што ў турме яе больш за ўсё напружваюць дзве рэчы: законы, якіх не прытрымліваецца сама адміністрацыя, і адсутнасць музыкі.

«Я ні пра што не шкадую і паступіла б гэтак жа», — заўсёды адказвала яна. 

За сваю нязломнасць Калеснікава атрымала некалькі міжнародных прэмій у сферы правоў чалавека. З апошняга — Штутгарцкая прэмія міру 2021 за мужную барацьбу з аўтакратыяй. У гэтым горадзе Марыя пражыла 12 год.

«Гэта вельмі складана — выціскаць з сябе раба, па кроплі, але неабходна для нас, для нашай будучыні», — перадавала Калеснікава з СІЗА.

У інтэрв’ю яна казала, што для яе найбольш каштоўнае жыццё чалавека і пачуццё ўласнай годнасці. «Гэта якраз тое, што ў Беларусі не з’яўляецца каштоўнасцю».

Прадстаўляў Бабарыку і трымаў галадоўку 

Топавым адвакатам Максім Знак лічыцца не толькі па беларускіх мерках. Ён уваходзіць у прэстыжны міжнародны рэйтынг Chambers Global, які складае брытанскае агенцтва. Кандыдат юрыдычных навук, ён выкладаў права ў родным БДУ.

Пасля таго як Бабарыку пасадзілі, Максім прадстаўляў яго інтарэсы ў Цэнтрвыбаркаме. Падаваў заяву ў ЦВК аб рэгістрацыі Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты, пасля скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнне аб адмове.

Усе выклікі Знак прымаў спакойна: будзем абскарджваць, будзем дзейнічаць у прававым полі. Ён спрабаваў выкарыстаць усе прадугледжаныя законам магчымасці, каб абараніць правы штаба — як бы гэта ні выглядала наіўна. Дзякуючы яму тэрмін «прававы дэфолт» стаў вядомы ўсім беларусам.

Пасля выбараў Знак, як і Калеснікава, увайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады.

Трапіўшы ў СІЗА, юрыст 10 дзён трымаў галадоўку: ён лічыў незаконным свой крымінальны пераслед. Але толькі запэўніўся, што высокія стаўкі нічога не змяняюць у падыходзе сілавікоў.

«Тэкст абвінавачання падобны да сцэнарыя галівудскага блокбастара, — каментаваў ён пасля. — Мяркуючы па сэнсе абвінавачання, экстрэмістамі можна лічыць усіх паважаных беларусаў, якія ўвайшлі ў Каардынацыйную раду, каб хоць неяк дапамагчы ў пераходзе да канструктыўнага рашэння ў кантэксце жніўня 2020 года».

На Валадарцы Максім займаецца спортам (раней ён удзельнічаў у гонках Ironman), піша вершы і песні (і нават пачаў фантастычны раман), шмат чытае. Адным з яго адвакатаў стала яго жонка. За час зняволення Знак напісаў амаль 5000 лістоў!

Ад сукамернікаў вядома, што Максіма змяшчалі ў карцар на чатыры дні, але ён і пасля гэтага працягваў пісаць звароты адміністрацыі ізалятара аб паляпшэнні ўмоў утрымання. І гэта дало вынік: з падзямелля мужчын перасялілі ў камеру з рамонтам.

«Некаторыя кажуць, што варта змірыцца. Але мне здаецца, гэта дрэнная стратэгія», — дзяліўся Знак думкамі з СІЗА.

На пытанне, што можа паскорыць яго выхад з турмы, ён адказваў:

«Ёсць вельмі просты і правільны спосаб: следчыя, пракуроры, суддзі — яны ж таксама мы, беларусы. Для майго хуткага вызвалення дастаткова сумленна, адкрыта і публічна разгледзець маю так званую «справу» па законе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0