Вось што кажуць медыкі. 

«На 12-13 секундзе і потым яшчэ некалькі разоў мы бачым прамочванне футболкі ў вобласці спіны рэчывам бурага колеру, якое нагадвае кроў.

Крыніцай крывацёку можа быць толькі рана. З улікам таго, што потым на відэа паказваюць меркавана агнястрэльныя «раненні» гэтага ж чалавека, я не бачу на відэа пашкоджанняў тканкі.

Але нанесці рану, не пашкодзіўшы тканіну адзення, немагчыма.

Таксама пры ранах ёсць характэрныя падцёкі крыві, якія спускаюцца ўніз ад раны, у залежнасці ад знаходжання цела ў прасторы. Тут я іх не бачу, я бачу толькі плямы. Калі ўявіць, што гэта сапраўднае раненне, то ў момант атрымання траўмы і далей чалавек меўся ляжаць увесь час на жываце.

Гэта самае вялікае маё пытанне да рэальнасці паказанага».

«На 15 секундзе чалавек прыціскае тампон над ключыцай, а не пад ключыцай.

Пры гэтым вядома, што падключычныя вена і артэрыя праходзяць пад ключыцай, таму мне не зусім ясна, што там над ключыцай дае столькі крыві.

Калі ж уявіць, што рана глыбокая і кроў паступае з глыбейшай вобласці, то мяне здзіўляе, чаму маска, якую чалавек прыціскае да раны, не прамочаная крывёй, як гэта звычайна бывае — кроў распаўсюджваецца па тканіне і прамочвае яе. А тут маска проста выглядае вымазанай бардовым колерам з абодвух бакоў».

«Мяне таксама засмучае, што на 03:05 разам з няўмелымі дзеяннямі доктара па апрацоўцы сухой (!) раны, бачна, што на століку ў яго стаяць дзве характэрныя ёмістасці прадукцыі Беласептыка з дэзынфектантамі, якія не ўжываюцца для апрацоўкі ран — гэты раствор выкарыстоўваецца для апрацоўкі скуры перад ін'екцыяй альбо рук хірурга перад аперацыяй. 

Мне не ясна, чаму медработнік прамакае гэтым сродкам марлевы тампон і націрае ім рану». 

«3 хвіліна 14 секунда. Медработнік тампонам прамакае нібыта пашкоджанне на шыі, але тампон застаецца сухім. З «пашкоджання» нічога не выдзяляецца.

Мяне гэта здзіўляе. Потым медработнік бінтуе гэтае сухое пашкоджанне на шыі», — кажа медык. 

«Гэта вельмі нетыповая, вельмі нестандартная рана, шчыра кажучы, не зусім ясны механізм яе атрымання, было б цікава паслухаць пацярпелага пра абставіны», — дадае другі эксперт. 

«4 хвіліна, 55 секунда. Я не разумею, што паказваецца. Калі гэта сляды ўкусу жывёлы (сабакі), то гэта нейкі вельмі стары сабака з 4-ма ікламі і без астатніх зубоў.

Немагчыма ўявіць, што пашкоджанні засталіся толькі ад іклоў. 

Ва «ўкушаных ранах» не бачны ірваны кампанент, але выяўленыя ранкі ад іклоў, што з'яўляецца ўзаемавыключным: жывёла не можа самкнуць і разамкнуць сківіцы, як швейная машынка. Жывёла хапае, пракусвае, затым цягне ў бакі, раздзіраючы мяккія тканкі і пакідаючы адпаведны след. На відэа ж бачны толькі сляды пракусвання, на мой погляд, не хапае прамежкавага кампанента — ірванай раны», — кажа медык. 

«5 хвіліна 44 секунда. На спіне справа бачныя прыкметы нібыта двух агнястрэльных пашкоджанняў. Адно з іх відавочна ў праекцыі лёгкага. У пацярпелага пры такім пашкоджанні відавочна павінен быць гемапнеўматоракс. Але нічога не выдае на відэа яго праблемы з дыханнем, медработнік у гэты час падвязвае яму руку. Дзіўна гэта», — кажа судмедэксперт. 

«На фота меркаваны агнястрэл — мы бачым круглую, вялікую, добра ачэрчаную форму. Невядома, ці гэта скразное раненне, ці гэта розныя раны. Немагчыма вызначыць, дзе ўваходнае раненне, а дзе выходнае. Калі ўявіць, што яму прабіла куляй лёгкае, то доктар бы не накладваў яму, не спяшаючыся, павязку на руку — такія пацыенты тэрмінова аперыруюцца, бо трэба выдаліць з плеўральнай прасторы кроў і паветра, якія не даюць чалавеку дыхаць. Гэта робіцца аператыўным спосабам, у дадзенага пацыента ніякіх слядоў умяшання не бачна. Калі кроў вакол раны выціралі, то чаму засталіся дзве адмеціны? Калі не выціралі, то чаму так мала крыві?» — кажа другі. 

Таксама ўчора ў эфіры канала АНТ паказалі відэа з «трупам» іракца, нібыта забітага. Мы папрасілі экспертаў прааналізаваць і гэтае відэа.

Дыктар АНТ сказала, што «нават не эксперту відавочна — раны на целе несумяшчальныя з жыццём». Нашы эксперты кажуць, што эксперту акурат-такі ясна: на відэа няма пашкоджанняў, несумяшчальных з жыццём. 

«На відэа я не бачу пашкоджанняў, якія б маглі прывесці да смерці. 

Больш за тое, я не бачу прыкмет біялагічнай смерці: няма трупных плямаў і трупнага здранцвення, па гэтым відэа я не магу на 100% сказаць, што паказваюць труп. 

Трупныя, «гіпастатычныя» плямы ўтвараюцца ад сцякання крыві з сасудаў у ніжэй размешчаныя аддзелы цела з наступным прамочваннем тканак. Па паказаным становішчы цела трупныя плямы павінны быць бачныя на пярэднебакавых паверхнях цела ў выглядзе сіне-фіялетавай афарбоўкі скуры. Плямы ўтвараюцца праз 1-2 гадзіны пасля заўчаснага наступлення смерці (інфаркт, раненне), і праз 3-4 гадзіны ў выпадку, калі чалавек аганізуе (анкалогія, пнеўманія). 

Бывае, што трупныя плямы амаль нябачныя, але гэта магчыма пры масіўнай страце крыві, калі, напрыклад, пашкоджаны буйны сасуд. На відэа мы такіх пашкоджанняў не бачым, роўна як і не бачна, каб труп быў выпацканы ў крыві. 

Таксама на відэа не бачна трупнага здранцвення, якое наступае праз пару гадзін пасля смерці — «медык» вельмі лёгка падымае і апускае руку «памерлага», хаця трупнае здранцвенне не дазваляе лёгка згінаць суставы — для гэтага патрэбна намаганне, бо цягліцы, калі вельмі спрасціць, «напружаны», і труп павінен «супраціўляцца» спробе яго варушыць», — кажа судмедэксперт. 

«Я тут не бачу несумяшчальных з жыццём пашкоджанняў, прынамсі вонкава. Дробныя кровападцёкі на целе, напрыклад, увогуле не нясуць каштоўнасці для аналізу без унутранага даследавання, бо такіх драпін у выпадкова ўзятага падлетка ў двары будзе болей. Я не магу сказаць, што на відэа труп», — дадаў іншы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0