Спецыяльна для «Нашай Нівы» Андрэй узгадаў жнівень 2020 года і расказаў, як пражыў год у вымушанай эміграцыі. 

«Падчас першай хвалі каранавіруса мы закуплялі сродкі абароны, развозілі па бальніцах. Я ўбачыў праблему і ведаў, як яе вырашыць. Дзяржава не рабіла нічога, людзі былі вымушаныя браць справу ў свае рукі. 

Усе гады да таго нас спрабавалі запэўніць, што беларусы жывуць кожны сам па сабе, што няма ніякай салідарнасці. Але ж гэта зусім не так.

Першым званочкам быў яшчэ «Хаўер» (цыклон у 2013 годзе — НН), калі стала зразумела, што мы гатовыя дапамагаць адно аднаму. А падчас эпідэміі кавіду адбылася сапраўды масавая хваля салідарнасці. Гэта быў унікальны прыклад таго, як грамадства самаарганізавался перад адзінай пагрозай. І ў той момант я сапраўды паверыў у Беларусь і беларусаў, паверыў, што ў нас усё атрымаецца. 

Выйсці на вуліцу для мяне было натуральным рухам. У нас няма легальных механізмаў сувязі народу з дзяржавай, таму выйсці на вуліцу — ледзь не адзіны спосаб паказаць сваю нязгоду з дзеяннямі дзяржавы. 

Кожны беларус «прачынаецца» ў свой час. Для мяне гэта быў 2011 год, я пачаў браць удзел у маўклівых акцыях пратэсту, некалькі разоў быў на сутках. У 2012 годзе мяне ўвогуле затрымлівалі з групай захопу, бо я адміністраваў пратэсную суполку ў ВК. На шчасце, крыміналкі не было, адседзеў суткі. А ў 2014 перад чэмпіянатам свету па хакеі мяне, як і іншых актыўных людзей, затрымлівалі прэвентыўна. Мне пазваніў участковы і запрасіў на размову перад стартам ЧМ, пасля выпісаў два пратаколы — і мне далі 20 сутак. 

Пасля я выходзіў на маршы супраць закона аб дармаедах, удзельнічаў у Днях Волі, але тады неяк не было бачна ў грамадстве сапраўды масавай незадаволенасці ці гатоўнасці да перамен. Але ў 2020 годзе нарэшце з’явілася надзея, што гэты дурны сон скончыцца і мы пачнем будаваць нармальную краіну.

9 жніўня ўвечары я прагаласаваў за Ціханоўскую. Назіральнікі фіксавалі шмат парушэнняў, і было зразумела, што выбары сфальсіфікуюць. Таму я і выйшаў да Стэлы. Тады яшчэ была надзея, што дастаткова проста паказаць уладзе вялікую колькасць нязгодных людзей, каб штосьці пачало змяняцца. Усе казалі, што сілавікі ўбачаць 100 ці 200 тысяч і далучацца да народу. Так, гэта было наіўна, але тады ж быў такі ўздым ад падзей, бо выказваліся за перамены нават тыя, хто заўсёды маўчаў, вядомыя людзі пачалі таксама выказвацца супраць рэжыму.

Гэта цяпер ужо зразумела, што ці то людзей выйшла мала, ці то мірны сцэнар не працуе. А 9-га здавалася, што ў нас ёсць усе шанцы. 

Каля Стэлы я быў у самым пекле. Калі паляцелі гумовыя кулі і гранаты, мы сышлі, прычым па дарозе спынялі людзей з камянямі, бутэлькамі, якія яны хацелі кідаць у сілавікоў. Бо на той момант здавалася, што сілай нічога не дабіцца. 

9-га мяне не затрымалі. А 10-га мы з сябрам на машыне выехалі ў цэнтр паглядзець, што адбываецца. У цэнтры была агромністая колькасць тэхнікі і сілавікоў. 

І ў нейкі момант мы заехалі ў адзін з двароў у цэнтры. Там сустрэлі знаёмага, спыніліся. Гэта было не позна, можа, 16, можа, 17 гадзін. Яшчэ нічога не адбывалася на вуліцах.

Як толькі мы хацелі з’язджаць, як выехалі два бусы, адтуль выскачыў АМАП. 

Тады нас ветліва папрасілі паехаць з імі. Не білі. Пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі да Стэлы, дзе перагрузілі ў аўтазак. Падчас «перагрузкі» ужо пару ўдараў мы атрымалі. 

Нас павезлі ў Патрызанскі РАУС. Там білі пры выгрузцы, затым —усіх на калені ў двары. Адтуль вывелі ў падвал, дзе знаходзіцца актавая зала. 

Там мы правялі ноч. Давалі ваду, вадзілі ў прыбіральню. Цікава, што міліцыянты нават спрачаліся паміж сабой: адзін казаў, што людзей трэба ставіць на калені і пысай у падлогу, іншы спрачаўся, казаў, што не трэба. У выніку мы сядзелі на жалезных лаўках. Нават дазволілі пазваніць. Адзін з міліцыянтаў быў суперветлівы, супакойваў людзей, а калі сыходзіў, то сказаў нам: «Хлопцы, я з вамі. Таму з РАУСам нам пашанцавала». 

Праўда, пад раніцу туды забег нейкі начальнік у амуніцыі, выглядала, што толькі з пратэстаў. Вось ён пачаў мацюкацца і лупіць усіх запар з крыкамі: «С*кі, як вы можаце руку на міліцыю падымаць!» Усіх паставілі на падлогу на калені, але пасля нам дазволілі падняцца. 

Жэсць пачалася раніцай. Нас усіх паднялі, падзялілі на дзве групы, пачалі выводзіць у двор. Сказалі, што вязуць у Жодзіна. 

У двары я зразумеў, што нас будуць біць: там стаяў АМАП у амуніцыі, у масках, з дубінкамі. 

Людзей паставілі тварам да сцяны. Мы з сябрам былі аднымі з самых прыкметных: тату, доўгія валасы. На нас паказалі і сказалі: з гэтымі хлопцамі папрацуйце на поўную.

Адразу падляцеў АМАП, рукі нам зацягнулі сцяжкамі, пачалі біць. 

Пасля закінулі ў аўтазак, паралельна лупілі літаральна да смерці. У аўтазак людзей складвалі слаямі, збівалі дубінкамі. АМАП крычаў: «Прадажныя істоты, перамен хацелі — атрымлівайце!»

Я намагаўся цярпець. Некаторыя страчвалі прытомнасць, хадзілі пад сябе і па-маленькаму, і па-вялікаму. Уся падлога была ў чалавечай крыві, мачы і поце.

Па дарозе да Жодзіна нас білі, але не так актыўна. Прыгаворвалі: «Вы няправільныя, мы вас жыццю вучым». 

Пасля амапаўцы раптам спыніліся, нават здымалі сцяжкі. 

У Жодзіне была цэлая чарга з аўтазакаў. Людзям дазволілі сесці ў аўтазаку, і чамусьці амапаўцы пачалі з намі гаварыць. Яны былі ўпэўненыя, што ўсе выйшлі за грошы. Казалі: вы хочаце вайны, хочаце прадаць нас Расіі. Адзін сказаў увогуле: мне пофіг на Лукашэнку, я буду біць людзей, пакуль мне плацяць.

У Жодзіне ў параўнанні з Акрэсціна было лепш. Былі перанаселеныя камеры — на 10 месцаў нас было 30, напрыклад, — але нас не білі. Супрацоўнікі Жодзіна самі мацюкалі АМАП, калі бачылі, у якім стане людзі.

Праз трое сутак нас пачалі адпускаць. Нават без пратаколаў, бо было затрымана больш за 7 тысяч чалавек, сістэма не была гатовая да такога. 

Пасля выхаду я зняў пабоі ў бальніцы. Трэба было ісці ў СК падаваць заяву, але я не спяшаўся, бо расказвалі, што затрымліваюць тых, хто прыходзіць з такой заявай.

Галоўнае, чаго мы баяліся, пакуль былі пад вартай — што людзей задушылі і ўсё скончылася. Таму галоўная радасць была даведацца, што выйшлі жанчыны на Камароўку, што людзі працягваюць. 

На мітынгу 16 жніўня была проста эйфарыя. Здавалася, што ўсё, мы перамагаем. Але ж ніхто не ведаў, што рабіць. Мне здаецца, што абодва бакі ў той дзень былі разгубленыя. Магчыма, варта было хаця б проста заставацца на вуліцы, але ж мы ўсе разышліся па дамах і пасля пайшлі на працу. 

У жніўні я быў гатовы нават сесці, бо было ўражанне, што гэта ненадоўга. 

Але ж я з’ехаў 25 жніўня. Тады некалькі крыніц, у тым ліку і сілавікі, папярэдзілі, што будуць зачышчаць актывістаў. Мне перадалі, што арыштуюць і мяне. 

Я выехаў у Кіеў, але рэчы асабліва не збіраў, думаў, што праз пару тыдняў вярнуся ў іншую краіну. Але прайшоў ужо год — я зноў у Кіеве. І калі вярнуся ў Беларусь, не ведаю.

Пасля ад’езду ў жніўні 2020-га я пэўны час прабыў ва Украіне. Затым — Вільнюс, там я працаваў з фондамі салідарнасці, ініцыятывамі. Арганізавалі фонд медыцынскай салідарнасці, дапамагаем медыкам, запусцілі праект еЗдароўе. 

Самым цяжкім за гэты год стала ўсведамленне таго, што я не хутка змагу вярнуцца ў Беларусь. Увосені было ўражанне, што свой дзень народзінаў у лістападзе я буду святкаваць у Мінску. Пасля — што вярнуся на Новы год. 

І смерць Рамана Бандарэнкі здавалася трыгерам, які перасёк усе межы дзікунства і абсурду, здавалася, народ падымецца. І разгон на Плошчы Перамен для мяне быў вельмі цяжкай падзеяй. Я адчуваў віну, што я не там — і гэтае пачуццё было пасля кожнага маршу. І па сёння гэтая рана не загаілася.

Але ж пасля пачаліся яшчэ больш жорсткія рэпрэсіі. І пасля Новага года я зразумеў, што рэпрэсіі будуць нарастаць. Зразумеў, што вярнуся не хутка. Трымаўся, бо разумеў, што мы дапамагаем людзям, якім горш, чым мне.

Цяжка было вясною. Бо ўсё задушана, ніхто не выходзіць… Мне здаецца, каб улада нічога не рабіла, людзі б змірыліся. Частка з’ехала, частка сядзіць, астатнія спынілі б актыўнасць і неяк працягвалі б звычайнае жыццё. Але пасля здарыўся самалёт з Пратасевічам. І сёння я бачу, як рэжым сам пагаршае сітуацыю для сябе. Дзяржава сама набліжае фінал сваімі дзеяннямі: і абсурднымі ў сваёй жорсткасці рэпрэсіямі, і пагрозамі заходнім суседзям. 

Цяпер я не планую нічога надоўга. Стараюся дапамагаць медыкам, якіх рэпрэсуюць у Беларусі, звальняючы і не працягваючы кантракты тым, хто хоць недзе засвяціўся. У беларускай медыцыне сёння — гуманітарная катастарофа, бо медыкі не бачаць перспектыў у краіне. І гэтым карыстаюцца Расія, Польша, Прыбалтыка, Украіна. І гэта ўсё ў перспектыве вельмі моцна ўдарыць па сістэме аховы здароўя ў Беларусі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру