«ЕС і ЗША будуць вымушаны ўступіць у перамовы дзеля разрадкі напружання» 

Палітолаг Валерый Карбалевіч у сваім тэлгерам-канале адзначае, што Лукашэнка яшчэ з верасня паўтараў, што заходнія суседзі Беларусі хочуць вайны і рыхтуюцца да яе. Але калі раней беларускія чыноўнікі ўзгадвалі пра яе з прыметнікам «гібрыдная» і «інфармацыйная», то зараз сітуацыя можа прывесці да рэальнага сілавога канфлікту на беларуска-літоўскай мяжы.

«Такое развіццё падзей выгаднае Лукашэнку, — лічыць эксперт. — Яму цяпер няма чаго губляць. Бо ўжо ўсё згублена. Сілавы канфлікт, паводле яго логікі, напужае Захад. Там убачаць, што маюць справу з чалавекам без тармазоў, які загнаны ў кут і можа пайсці на любыя дзеянні. І такім чынам, пад пагрозай лакальнай вайны ЕС і ЗША будуць вымушаны ўступіць у перамовы дзеля разрадкі напружання, то-бок шантажом, штучным мігранцкім крызісам прымусіць Захад саступіць. Бо там жа ўсе палітыкі «без яец». Лукашэнка ідзе ва-банк, падвышае стаўкі.

З іншага боку, мадэль «крэпасці ў аблозе» — ідэальны механізм утрымання ўлады. І маленькая вайна толькі мацуе гэты вобраз, стварае магчымасць дадатковай мабілізацыі дзяржаўнага апарату, узмацнення рэпрэсій супраць «пятай калоны» ў тыле».

Аналітык дадае, што з гэтай логікі ідзе і «малазразумелы наезд на Украіну без заўважных падстаў»:

«Відаць, калі ствараць вобраз «крэпасці ў аблозе», то ворагі павінны быць з усіх бакоў, ці хоць бы з трох. З пазіцыі ўтрымання ўлады сілавы канфлікт Лукашэнку выгадны. Але вайна дакладна не выгадная беларускаму народу. Так што ў плане мабілізацыі грамадскай падтрымкі тут ён не пажне лаўраў».

Міграцыйны крызіс дапаможа дамовіцца з Расіяй і пры неабходнасці ўвесці надзвычайнае становішча

Палітычны аглядальнік Андрэй Елісееў таксама лічыць, што Лукашэнку выгадны канфлікт з Літвой. На яго думку, выбуханебяспечная сітуацыя на мяжы не выглядае чымсьці дзіўным і хутчэй была пытаннем часу.

«Беларускі бок інспіраваў гаручую сітуацыю ў выніку грубага, але даволі крэатыўнага выкарыстання міграцыйнай карты, - піша Елісееў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. - І расійскую прапаганду наконт «фашысцкай ці нацысцкай» Літвы адыгралі, і паспрабавалі нацкаваць на Літву ісламістаў. А галоўнае - стварылі сваё апісанне ўсёй гэтай гісторыі, у якой Беларусь з'яўляецца нявіннай ахвярай «каляровай рэвалюцыі» і заходняй «гібрыднай вайны». Маўляў, пасля такой агрэсіі Беларусь проста сказала «хопіць» і вырашыла не марнаваць час і рэсурсы на абарону чужых межаў. А ў выніку варожая краіна пачала забіваць мірных мігрантаў і запалохваць іх стрэламі па-над галовамі ў бок Беларусі».

Па меркаванні Елісеева, Лукашэнку выгадна мець у запасе такую напружанасць, якая б дазволіла ледзь не ў любы момант ініцыяваць яшчэ больш абвостраную сітуацыю. Ён тлумачыць, што для гэтага існуе дзве прычыны. Адна з іх — фактар расійскай падстрахоўкі.

«Бліжэйшыя месяцы — перыяд кульмінацыі перамоў з Расіяй па новаму інтэграцыйнаму пакту, падпісанне якога будзе прадавацца за прызнанне Крамлём новай канстытуцыі. У выпадку сур'ёзнай ўнутрыпалітычнай дэстабілізацыі ў гэты перыяд апошнім козырам Лукашэнкі будзе прыцягненне Расіі. Альбо, па меншай меры, пагроза прыцягнення Расіі. Выдуманая або інспіраваная памежная эскалацыя як выдатная нагода для адчайнай спробы выкарыстоўваць расійскую карту і адвесці медыяпавестку ў бок».

Другой прычынай палітолаг называе фіктыўную падставу для ўвядзення надзвычайнага або ваеннага становішча. 

«Беларускім уладам вельмі не з рукі будзе прызнацца ў фінансавых правалах і сур'ёзным эфекце заходніх санкцый. Статыстычныя дадзеныя па асноўных гандлёвых катэгорыях засакрэцілі, таму вонкавым назіральнікам складана судзіць аб тэрмінах набліжэння магчымага фінансавага абвалу. Але беларускія-то ўлады гэтымі дадзенымі валодаюць. І ў крытычны момант ім можа быць прасцей апраўдаць замарозку ўкладаў у банках і прыпыненне іншых банкаўскіх аперацый не маштабнымі фінансавымі праблемамі з-за сваёй палітыкі, а увядзеннем надзвычайнага ці ваеннага становішча ў сувязі з «літоўскай правакацыяй ці агрэсіяй», — дадае Андрэй Елісееў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0